Зяленскі расказаў, як Пуцін страціў ініцыятыву ў вайне
4- 29.07.2026, 8:32
- 3,834
Канфлікт ператварыўся ў гонку інавацый.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін страціў ініцыятыву ў вайне, а ўкраінскія ваенныя тэхналогіі змянілі дынаміку на полі бою.
У інтэрв’ю Fox News ён адзначыў, што цяпер ва Украіне каля 500 кампаній распрацоўваюць узбраенне і тэхналогіі, каб пераўзысці Расію. Па яго словах, калі на пачатку вайны Пуцін разлічваў акупаваць краіну за два-тры дні, то цяпер Украіна выбудавала магутную ваенна-тэхнічную прамысловасць менавіта з такой колькасцю кампаній, якія валодаюць моцнымі тэхналагічнымі напрацоўкамі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што канфлікт фактычна ператварыўся ў гонку інавацый: стратэгія пастаянна змяняецца, бо такія віды ўзбраення, як беспілотнікі, хутка састарваюцца без адаптацыі. Па яго словах, характар вайны змяняецца кожныя тры-шэсць месяцаў, і разам з гэтым даводзіцца змяняць і тэхналогіі.
Зяленскі таксама адзначыў, што ў Расіі больш людзей, таму Украіне неабходна дзейнічаць хутчэй у гэтай гонцы — апярэджваць Пуціна, берагчы сваіх людзей і рабіць стаўку на тэхналагічную перавагу, а не на колькасць.
Па яго словах, пашырэнне вайсковых магчымасцяў Украіны і ўдары па расійскіх цэлях якраз і пазбавілі Пуціна ініцыятывы: нягледзячы на тое, што Расія штомесяц страчвае каля 30 000 салдат, ён не гатовы спыняць вайну, і менавіта таму цяпер ініцыятыва знаходзіцца не ў яго руках.