Мясцовыя органы «ўлады» ў Беларусі масава набываюць тактычныя аптэчкі
4- 27.07.2026, 17:35
- 1,822
Прызначэнне аптэчак — выкарыстанне падчас баявых дзеянняў.
Райвыканкамы ў Гомельскай вобласці закупляюць індывідуальныя тактычныя аптэчкі, заўважыў «Флагшток» паводле абвешчаных тэндэраў. У прыватнасці, закупкі абвясцілі Рагачоўскі, Светлагорскі і Кармянскі райвыканкамы. Аналагічныя заяўкі раней падавалі выканкамы іншых абласцей Беларусі.
Колькасць аптэчак патрабуецца розная — калі ў Карме хочуць набыць 4 аптэчкі, у Светлагорску — 10, то ў Рагачове — усяго адну, затое даволі дарагую: за максімальную суму 300 рублёў (каля 100 долараў).
У ўмовах тэндэру падрабязна апісана, што павінна ўваходзіць у аптэчку. Некаторыя элементы ў пераліку могуць пацвярджаць, што гаворка ідзе не пра звычайную медыцынскую аптэчку, і яе прызначэнне — выкарыстанне падчас баявых дзеянняў.
Напрыклад, гэта атраўматычныя нажніцы з карабінам для хуткага мацавання на экіпіроўцы, індывідуальная картка агляду пацярпелага, сама аптэчка павінна быць у форме падсумка.
Верагодна, вырабы набываюцца для патрэбаў мясцовай «тэрытарыяльнай абароны» — у межах іншых закупак. Можна меркаваць, што выканкамы паступова фарміруюць склады, запасы для патрэбаў тэрабароны, якія потым будуць выкарыстоўвацца падчас вучэнняў або будуць захоўвацца на выпадак узнікнення неабходнасці.