Беларускі банкір узначаліў нацыянальную плацёжную сістэму Узбекістана
- 22.07.2026, 22:17
- 1,016
Калісьці Аляксандр Сотнікаў развіваў «Белкарт».
Нацыянальная плацёжная сістэма Узбекістана HUMO прызначыла сваім новым старшынём праўлення Аляксандра Сотнікава. Пра гэта кампанія паведаміла 21 ліпеня 2026 года.
Да гэтага, з мая 2026 года, Аляксандр Сотнікаў працаваў у HUMO першым намеснікам старшыні праўлення. Ён адказваў за ключавыя напрамкі дзейнасці кампаніі і рэалізацыю стратэгічных праектаў па развіцці нацыянальнай плацёжнай інфраструктуры ў Узбекістане.
Сотнікаў — спецыяліст у галіне плацёжных тэхналогій, лічбавага банкінгу і развіцця нацыянальных плацёжных сістэм. Ён мае больш за 25 гадоў прафесійнага досведу.
Да пераходу ў HUMO Аляксандр Сотнікаў займаў кіраўнічыя пасады ў банкаўскай і плацежнай сферах Беларусі. Ён узначальваў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» — найбуйнейшы працэсінгавы цэнтр краіны і аператара нацыянальнай плацёжнай сістэмы «Белкарт». Таксама Сотнікаў працаваў намеснікам старшыні праўлення Белгазпрамбанка і ў Нацыянальным банку Беларусі, дзе ўдзельнічаў у развіцці нацыянальнай плацёжнай інфраструктуры і ўкараненні сучасных лічбавых фінансавых сэрвісаў.
HUMO — нацыянальная плацёжная сістэма Узбекістана і адзін з важных элементаў фінансавай інфраструктуры краіны. Яна аб’ядноўвае банкі, бізнес і мільёны карыстальнікаў, забяспечваючы развіццё сучасных плацёжных тэхналогій і лічбавых фінансавых сэрвісаў.
Па словах Сотнікава, адной з галоўных прычын далучыцца да HUMO сталі амбіцыйныя планы кампаніі і яе імкненне да тэхналагічнага развіцця. Сярод найбольш перспектыўных напрамкаў ён адзначыў развіццё інтэграцыі паміж плацёжнымі сістэмамі, выкарыстанне штучнага інтэлекту і пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва.
Пад кіраўніцтвам Аляксандра Сотнікава HUMO плануе працягваць развіццё сучаснай плацёжнай экасістэмы, ўкараняць новыя тэхналагічныя рашэнні, пашыраць міжнародныя партнёрствы і рабіць лічбавыя фінансавыя паслугі больш даступнымі для жыхароў, банкаў і прадпрыемстваў Узбекістана.