Лукашэнка зноў прызначыў свайму сыну спецыяльную стыпендыю
9- 21.07.2026, 22:01
- 3,694
Коля атрымлівае грошы з «фонду» свайго бацькі з першага курса.
Студэнт чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Лукашэнка зноў атрымаў «прэзідэнцкую» стыпендыю за другі семестр 2025/2026 навучальнага года. Яго прозвішча значыцца ў распараджэнні, якое 21 ліпеня было апублікавана на сайце бацькі Мікалая Аляксандра Лукашэнкі, заўважыла «Зеркало».
Разам з Колем прэзідэнцкія стыпендыі атрымалі яшчэ 196 студэнтаў ВНУ. Ім будуць выплачваць 266,11 рублёў штомесяц.
Гранд-прэмій з прысваеннем звання лаўрэата спецыяльнага фонду ўдастоены 29 пераможцаў міжнародных алімпіяд, конкурсаў і фестываляў. Спецыяльнымі прэміямі заахвочаны 79 навучэнцаў, студэнтаў, курсантаў і 11 творчых калектываў.
Гэта сродкі рэзервовага «фонду» Лукашэнкі, які фарміруецца за кошт бюджэтных сродкаў.
Нагадаем, «прэзідэнцкую стыпендыю» Коля атрымлівае з першага курса. У 2026 годзе ён паспяхова завяршыў навучанне па трохгадовай беларуска-кітайскай праграме Пекінскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Біятэхналогія».