Літва не ўпусціла з боку Беларусі больш за 25 тысяч мігрантаў
3- 21.07.2026, 8:09
- 1,720
Мяжа знаходзіцца пад пастаяннымі атакамі.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (СОГ) зафіксавала 19 ліпеня 28 спроб парушэння мяжы з боку Беларусі. Гэта рэкорд за апошнія 55 дзён, піша выданне «Позірк».
Папярэдні раз больш было 25 мая — 38 спроб, у наступны перыяд — ад 0 да 20.
З пачатку ліпеня Літва зарэгістравала 88 спроб незаконнага пранікнення на сваю тэрыторыю з Беларусі — у 2,9 раза больш, чым за 19 дзён чэрвеня (30 разоў), і на 46,7% больш, чым за ўвесь ліпень мінулага года (60).
СОГ штодня з 25 сакавіка фіксуе незаконныя спробы перайсці мяжу з боку Беларусі. За гэты час (117 дзён) іх было 8165. За папярэдні дзень, 19 ліпеня, адзначана мінімальная актыўнасць — дзве спробы. Да гэтага самым нізкім паказчыкам было шэсць спроб 10 мая.
Літоўскі бок таксама апублікаваў статыстыку па колькасці парушальнікаў мяжы, якіх не ўпусцілі ў ЕС з Беларусі. Так, з 1 студзеня бягучага года памежнікі прадухілілі ўезд 957 чалавек, у 2025-м — 1652, у 2024-м — 1002, у 2023-м — 2643. Найбольшая колькасць замежнікаў спрабавала перайсці беларуска-літоўскую мяжу ў 2022 годзе. Тады літоўскія памежнікі не ўпусцілі ў Еўрасаюз 11 211 чалавек.
Пры гэтым, як адзначае СОГ, з 3 жніўня 2021 года, калі ўлады дазволілі яе супрацоўнікам разварочваць парушальнікаў мяжы з боку Беларусі, па 31 снежня таго ж года Літва не ўпусціла ў ЕС яшчэ 8106 чалавек.
Усяго ж за без мала пяць гадоў Літва не ўпусціла з Беларусі 25 571 замежніка.