У Батсване забілі трывогу з-за расійскай вербоўкі
1- 18.07.2026, 17:29
- 1,916
Пад выглядам працаўладкавання людзей вывозяць у Расію і адпраўляюць ваяваць.
Міністэрства міжнародных адносін Батсваны заявіла пра імклівы рост колькасці грамадзян, якіх падманам або прымусам уцягваюць ваяваць на баку Расіі ў вайне супраць Украіны.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Сёння, у суботу, міністэрства апублікавала заяву, у якой утрымліваецца папярэджанне грамадзянам не прымаць прапаноў аб працы без праверкі іх сапраўднасці. Прычына ў тым, што многіх падманам прымушаюць выехаць за мяжу, а потым прымушаюць удзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Украіны.
«Колькасць грамадзян Батсваны, якіх уводзяць у зман, уцягваючы ў падобныя схемы, расце з трывожнай хуткасцю. (Міністэрства — рэд.) працягвае атрымліваць душараздыральныя званкі ад грамадзян Батсваны, якія ўжо знаходзяцца на перадавой, з апісаннем небяспечных умоў, з якімі яны сутыкаюцца», — гаворыцца ў заяве.
Bloomberg адзначыла, што раней у такіх краінах, як Кенія і Паўднёвая Афрыка, былі арыштаваныя і абвінавачаныя асобы, якія вербавалі афрыканцаў для ўдзелу ў расійскай вайне.
Дарэчы, у лютым у дакладзе некамерцыйнай арганізацыі Inpact, якая рэалізуе праграму All Eyes On Wagner, паведамлялася, што як мінімум 316 афрыканцаў загінулі ў баях супраць Украіны.
Кенія, у сваю чаргу, заяўляла, што на вайну былі завербаваныя 1000 яе грамадзян.