18 лiпеня 2026, Субота, 22:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі каштуе адпачыць на беларускіх азёрах і рэках

6
Колькі каштуе адпачыць на беларускіх азёрах і рэках

Параўналі цэны на Браслаўскіх азёрах, Нарачы, Свіцязі і Нёмане.

На бліжэйшы час сіноптыкі прагназуюць вяртанне цёплага надвор'я. На тле візавых і лагістычных праблем гэта шанец для многіх беларусаў добра адпачыць на радзіме. «Белсат» распавёў, колькі каштуе правесці час каля вадаёмаў у аграсядзібах, на турыстычных пляцоўках, лецішчах і кемпінгах ды іншых традыцыйных і не вельмі месцах адпачынку.

Браслаў

Браслаўскія азёры сталі сапраўды культовым месцам летняга адпачынку беларусаў і гасцей краіны. Часта ў сезон мясцовыя турыстычныя базы, аграсядзібы і лецішчы занятыя пад завязку, і свабодныя месцы можна знайсці з цяжкасцю. Таму пра браніраванне варта паклапаціцца загадзя.

На афіцыйным сайце запаведніка «Браслаўскія азёры» можна забраніраваць месцы ў дамках каля рэкрэацыйных пляцовак. Цэны на арэнду ў залежнасці ад месцазнаходжання і камфортнасці складаюць ад Br 220 да Br 1609 за 1 ноч з чалавека. Пасля 23 жніўня цэны на паслугі істотна знізяцца, але і надвор'е зменіцца.

Там жа можна замовіць месцы для вялікай кампаніі на турыстычнай стаянцы з мінімальнымі выгодамі. Аднак уладальнікі папярэджваюць, што пра набыццё дроў для распальвання вогнішчаў каля вады трэба загадзя дамаўляцца пры браніраванні. Тое самае датычыць і рыбалкі — трэба дамаўляцца.

Амаль 300 азёр, што ўваходзяць у запаведнік «Браслаўскія азёры», шчыльна акружаныя аграсядзібамі і лецішчамі. Свабодныя месцы на жнівень знайсці складана, але яшчэ можна. Пры адсутнасці ў Беларусі booking.com арэндныя дамы можна знайсці на сайце з афіцыйна зарэгістраванымі аграсядзібамі. Цэны пачынаюцца ад Br 200 за суткі. Звычайна сярэдні кошт будзе дасягаць Br 350.

Фото: travelbrands.by

Спораўскі заказнік

Спораўскі заказнік, утвораны ў 1991 годзе, знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці. Асноўная частка тэрыторыі заказніка занята адкрытымі нізіннымі балотамі. На яго тэрыторыі знаходзіцца Спораўскае балота — адно з самых вялікіх прыродных нізінных балот у Еўропе з унікальнай флорай і фаўнай. У цэнтры заказніка цячэ рака Ясельда.

Тут можна заняцца сплавам на байдарках, папаляваць на дычыну, пазаймацца рыбалкай або назіраннем за птушкамі. Толькі тут можна ўбачыць і пачуць найрадзейшую спявучую птушку Еўропы — вертлявую камышоўку. На тэрыторыі заказніка распрацаваны цэлы шэраг веламаршрутаў.

Аднак турыстычныя ўмовы ў Спораўскім заказніку куды сціплейшыя. Адпаведна і цэны меншыя. Так, спыніцца непасрэдна ў эколага-асветніцкім цэнтры на 1 ноч будзе каштаваць ад Br 30 да Br 65.

Для аматараў стаянкі з намётамі на тэрыторыі заказніка існуе шэраг спецыяльна абсталяваных месцаў. Але пра ўмовы і час адпачынку трэба дамаўляцца непасрэдна з адміністрацыяй.

Побач з заказнікам ёсць і шэраг аграсядзіб. Цэны на жнівень пачынаюцца ад Br 160 за суткі. У некаторых месцах кошт залежыць непасрэдна ад колькасці гасцей. Пры неабходнасці можна спыніцца побач з запаведнікам у Белаазёрску або Высокім.

Фото: probelarus.by

Нарачанскі край

На Нарачы можна спыніцца ў кемпінгу «Нарач». На тэрыторыі гэтай базы можна арандаваць 2–4-мясцовыя дамкі. Цэны за суткі вагаюцца ад Br 241 да Br 524.

Таксама каля возера Нарач можна арандаваць месцы ў шэрагу аграсядзіб. Асаблівым попытам карыстаюцца трыкутныя дамкі. Цэны арэнды дасягаюць Br 350 за суткі. Таксама варта звярнуць увагу на этнакультурны комплекс «Наносы». Аднак кошт жыцця ў вёсцы ХІХ стагоддзя складзе каля Br 900.

Адметным адпачынкам можа стаць арэнда сучасных геокупалаў (bubble-фармат), якія спалучаюць максімальную блізкасць да прыроды і гарадскі камфорт. Кошт за суткі складзе каля Br 100. Там жа можна скарыстацца паслугамі глэмпінгу і забраніраваць домік.

Фото: tropinki.by

Свіцязь

Возера Свіцязь мае не толькі статус добрага месца для адпачынку, але і знакавае значэнне для гісторыі Беларусі. Менавіта на яго берагах нарадзіліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

Побач з возерам можна арандаваць шэраг лецішчаў. Цэны за суткі складуць каля Br 200–250.

Фото: tropinki.by

Ельня

Балотны масіў Ельня — адзін з найбуйнейшых у Беларусі комплексаў верхавых і пераходных балот з мноствам азёр — у апошні час стаў папулярным турыстычным месцам. Да 2020 года за сродкі Еўрапейскага саюза тэрыторыя заказніка была добраўпарадкавана.

Тут турыстаў чакаюць шпацыры па балотах экасцежкамі, рыбалка, фота-паляванне і купанне. Асаблівым шчасліўцам удасца пракаціцца і на балотахадзе.

Кошт адпачынку на тэрыторыі побач з заказнікам складзе ад Br 200 да 400 за суткі. Арэнда каля экасцежак з магчымасцю пазбіраць журавіны і паназіраць за жураўлямі складзе Br 240–280.

Фото: БелТА

На Нёмане

Дзе яшчэ беларусу адпачыць у спёку, як не на берагах Нёмана? Турыстычныя гіды ў гэтым кірунку звычайна раяць звярнуць асаблівую ўвагу на радзіму Якуба Коласа — Мікалаеўшчыну, Любчу з мясцовым замкам або ваколіцы Стаўбцоў.

Адзін з прыемных бонусаў такога адпачынку — незабыўныя сплавы на байдарках па маляўнічых мясцінах. Цэны аграсядзіб тут у сярэднім дасягаюць Br 200–300 за суткі.

Такім чынам, за ўік-энд на беразе возера ў доме сярэдняга камфорту трэба падрыхтаваць прыблізна Br 500. За тыдзень падобнага адпачынку — каля Br 1750.

У той жа час сярэдні кошт арэнды дома ў Батумі недалёка ад мора, паводле дадзеных сайта booking.com, складзе каля 350–400 рублёў за суткі. Адпаведна, за ўік-энд давядзецца заплаціць 700–800 рублёў, а за цэлы тыдзень — каля 2800 рублёў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках