18 лiпеня 2026, Субота, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Германіі хочуць закрыць ультраправым доступ да дзяржаўнай таямніцы

6
У Германіі хочуць закрыць ультраправым доступ да дзяржаўнай таямніцы

Улады асцерагаюцца сувязяў «Альтэрнатывы для Германіі» з Масквой.

На фоне росту папулярнасці партыі «Альтэрнатыва для Германіі», якая можа атрымаць большасць на выбарах у парламент аднаго з усходніх рэгіёнаў краіны, нямецкія органы бяспекі распрацоўваюць план, які дапаможа забяспечыць захаванасць канфідэнцыйнай інфармацыі. Як піша Bloomberg, асобныя даныя прапануюць выдаліць або засакрэціць. Гэта павінна прадухіліць доступ да іх для дзяржаўных органаў, якія могуць апынуцца пад кіраваннем гэтай партыі.

Калі гэтая партыя на пачатку верасня здолее выйграць выбары, яна будзе фарміраваць урад усходняга рэгіёна — федэральнай зямлі Саксонія-Ангальт. У такім выпадку міністр унутраных спраў ад гэтай партыі, між іншым, атрымае доступ да ўсіх выведвальных аперацый у рэгіёне і, часткова, па ўсёй краіне. Справа ў тым, што землі абменьваюцца данымі расследаванняў паміж сабой і з федэральным урадам у Берліне.

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус назваў гэта рызыкай і заявіў, што службовыя асобы вывучаюць спосабы прадухілення доступу «Альтэрнатывы для Германіі» да пэўнай інфармацыі з-за сувязяў партыі з Масквой. Выданне дадае, што частка прадстаўнікоў партыі прытрымліваецца «прарасійскай» пазіцыі, а некалькі яе сябраў неаднаразова ездзілі ў Расію. Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе нямецкага контрвыведвальнага ведамства за 2025 год.

«Нельга ігнараваць цесную сувязь «Альтэрнатывы для Германіі» з Пуціным. Таксама ходзяць чуткі пра паступленне грошай з Расіі», — сказаў Пісторыус.

Штэфан Бранднер, дэпутат Бундэстага ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» і намеснік лідэра партыі, назваў «абсурдным» абвінавачанне ў неналежным абыходжанні з дзяржаўнымі сакрэтамі, заявіўшы, што «Альтэрнатыва для Германіі» выконвае законы і правілы.

У дакладзе контрвыведкі ФРГ паведамляецца, што партыя «Альтэрнатыва для Германіі» згуртавалася вакол этнанацыяналістычнай ідэалогіі, якая выступае за масавую высылку замежнікаў.

Гэта крайняпраўны рух прасоўвае планы стварэння груп, якія пачнуць дэпартацыю з краіны асоб, што не з'яўляюцца грамадзянамі Германіі. Яны таксама плануюць рэфармаваць сістэму адукацыі, каб «выкараніць левую ідэалагічную апрацоўку», і правесці «чыстку» сярод дзяржаўных службоўцаў, якія не падзяляюць поглядаў партыі. Таксама партыя ўжо паабяцала правесці рэарганізацыю дзяржаўнай службы ўнутранай разведкі ў Саксоніі-Ангальце, калі яны выйграюць выбары.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках