У Беларусі не стае больш за 130 тысяч работнікаў
2- 16.07.2026, 16:04
Улады спрабуюць закрыць кадравы голад і актыўна зазываюць узбекаў і пакістанцаў.
«Зеркало» паглядзела, якую працу і заробкі прапануюць працоўным мігрантам. Спойлер: знайшліся цікавыя вакансіі. Напрыклад, за мінімальную зарплату шукаюць дырэктара кампаніі, які павінен ведаць пяць моў — турэцкую, англійскую, урду, пушту, пенджабскую.
У агульнарэспубліканскай базе вакансій ёсць спецыяльны раздзел з прапановамі наймальнікаў для іншаземцаў. У ім на момант выхаду гэтага тэксту было 12 827 пазіцый.
Пры гэтым заробак больш за 500 долараў (1 443 рублі паводле курсу Нацбанка на 16 ліпеня) гатовыя плаціць па 5647 вакансіях, а па астатніх — меншы. Пры гэтым ад 3000 рублёў і вышэй прапануюць па 382 пазіцыях. Сярод такіх грашовых вакансій — слесар, сантэхнік, электрык, начальнік вытворчасці, мантажнік, менеджар, інжынер, кіраўнік праекта, лагіст, дырэктар. То-бок многія з гэтых пазіцый патрабуюць спецыяльнай адукацыі, навыкаў і кампетэнцый.
Адзін з самых высокіх заробкаў для экспатаў прапануе кампанія «НПО Белабонд» у Мінскім раёне. Яна займаецца распрацоўкай і вытворчасцю эпаксідных кампаўндаў для горнай прамысловасці і вытворчасці жвіру. Фірма шукае кіраўніка праекта на заробак ад 9800 да 11 400 рублёў.
Сярод патрабаванняў — стаж працы ад 20 гадоў, вышэйшая адукацыя ў галіне арганічнай хіміі, прасунуты ўзровень англійскай мовы, кіраўніцкія і вытворчыя навыкі, а таксама пажаданы досвед кіраўніцтва лабараторыяй або запуску новых ліній.
Кампанія «КПІ Девелапмент» у Мінску шукае кіраўніка структурных падраздзяленняў у сферы прадастаўлення паслуг часовага пражывання. Заробак абяцаюць на ўзроўні 8500 рублёў. З патрабаванняў — свабоднае валоданне англійскай і нямецкай мовамі. «Перавага будзе ў кандыдатаў, якія маюць стаж працы ў сферы гасціннасці не менш за 20 гадоў, а таксама на кіраўнічых пасадах у гатэльным бізнэсе не менш за 10 гадоў (люксовы сегмент)», — адзначана ў аб’яве.
Карані гэтай фірмы — у ААЭ, ёй даручылі забудову тэрыторыі на месцы 2-й бальніцы ў Мінску.
Брэсцкі гандбольны клуб «Мяшкоў Брэст» размясціў вакансію галоўнага трэнера на заробак ад 8000 да 9000 рублёў. Сярод патрабаванняў — прасунуты ўзровень англійскай мовы і досвед працы на адпаведнай пазіцыі ад 5 гадоў, наяўнасць ліцэнзіі EHF (Еўрапейская федэрацыя гандбола) Master Coach.
У сакавіку гэтага года памёр галоўны трэнер клуба «Мяшкоў Брэст» Эдуард Кокшараў, яму было 50 гадоў. Як пазначана на сайце каманды, цяпер гэтую пазіцыю займае Нэнад Пулезевіч.
Кампанія «Белвіллесдэн», якая кіруе гандлёвай сеткай «Гіппа», шукае намесніка дырэктара на заробак ад 7731 да 10 000 рублёў, а «Прыорбанк» — кіраўніка аднаго з структурных падраздзяленняў, якому гатовыя плаціць ад 6543 да 11 131 рублёў. Пры гэтым у фінансавай структуры адно з патрабаванняў — дасканалае валоданне не толькі англійскай мовай, але і хіндзі.
Але такія «смачныя» заробкі прапануюць далёка не па ўсіх вакансіях.
Напрыклад, харэографу на 0,1 стаўкі ў Мінску прапануюць ад 100 да 300 рублёў. З патрабаванняў — веданне тэхнік лацінаамерыканскіх танцаў для выкладання і асіставання на занятках па танцах (сальса, ча-ча-ча, кізомба, бачата).
Кампанія «Імтыяз Інтэрнэшнл» у Віцебску, якая была зарэгістраваная ў чэрвені гэтага года, шукае дырэктара на 858–890 рублёў. З патрабаванняў — веданне замежных моў: турэцкай, англійскай, урду, пушту, пенджабскай. Спецыялізацыя фірмы — дзейнасць рэстаранаў.
Жывёлаводу ў унітарнае прадпрыемства «Радуньскае» ў Аршанскім раёне гатовыя плаціць 858–1500 рублёў, паляводу ў кампанію «Магілёўскі Ленок» — 858–1300 рублёў, а слесару па рамонце рухомага саставу ў «Віцебскаблаўтатранс» — 858–950 рублёў.