Эканоміка перамагла Лукашэнку
- 16.07.2026, 14:09
- 2,324
Улады адпускаюць цэны на 123 тавары.
У Беларусі перастануць рэгуляваць цэны на пэўныя тавары. Адпаведную пастанову Савета Міністраў падпісаў прэм'ер-міністр краіны Аляксандр Турчын, перадае тэлеграм-канал «Урад Беларусі».
Такім чынам, у Беларусі карэктуецца сістэма рэгулявання цэн, у сувязі з чым скарачаецца з 199 да 76 пазіцый спіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржавай.
Напрыклад, з харчовага пераліку выключаныя сокі і нектары (акрамя прадукцыі для дзіцячага і дыетычнага харчавання), аўсяная крупа (застаюцца аўсяныя шматкі), ірыс і цукеркі ў тлушчавай глазуры, малако, кефір і сметана ў шкляной тары. Не будуць рэгулявацца цэны на экзатычныя цытрусавыя, але за коштам апельсінаў, мандарынаў, клементынаў і лімонаў па-ранейшаму будуць сачыць. Пры гэтым застанецца пад дзяржрэгуляваннем кошт мяса і мясных прадуктаў, рыбы, бульбы і іншай гародніны.
Таксама дзяржава перастане рэгуляваць цэны на ўсю мужчынскую і жаночую вопратку і абутак. У групе прамысловых тавараў яшчэ значна паменшаны пералік дзіцячых тавараў, з якога выключылі асноўную частку адзення і абутку, а таксама цацкі, каляскі, заплечнікі і ранцы.
У спісе цэнавага рэгулявання больш не будзе канцылярскіх тавараў, кармоў для хатніх жывёл. А таксама мыючых і ачышчальных сродкаў, шампуняў, зубных паст, туалетнага мыла, туалетнай паперы, папяровых сурвэтак, аднаразовых пялёнак і пасцельнай бялізны.
Выводзяцца з-пад цэнавага рэгулявання шафы для адзення і бялізны, дываны, ложкі і кухонная мэбля, бытавая тэхніка, у тым ліку халадзільнікі і маразільнікі, пральныя машыны, пыласосы, прасы, электрачайнікі, мікрахвалевыя печы, электрапліты.
Таксама адпусцяць цэны на аўтамабілі і запасныя часткі да іх, веласіпеды, будаўнічыя і лакафарбавыя матэрыялы.
Нагадаем, 6 кастрычніка 2025 года Лукашэнка забараніў рост цэн на тэрыторыі краіны. Пры гэтым ён звярнуўся на «ты» да намесніка кіраўніка ўрада, які прапаноўваў вырашыць пытанне з дапамогай эканамічных інструментаў, і выкарыстаў грубую лексіку.