Праваабаронцы падалі скаргу на кіраўніка ФІФА з-за скандалу з Трампам
- 15.07.2026, 14:00
- 1,048
Джані Інфанціна парушыў правілы палітычнай нейтральнасці.
Некамерцыйная праваабарончая арганізацыя FairSquare, якая займаецца даследаваннямі працоўнай міграцыі, палітычных рэпрэсій і парушэнняў у спорце, у дзесяцістаронкавай скарзе, пададзенай 14 ліпеня, заяўляе, што прэзідэнт ФІФА і сябра МАК Джані Інфанціна парушыў правілы палітычнай нейтральнасці. FairSquare налічыла пяць эпізодаў, звязаных з публічнай падтрымкай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, і папрасіла расследаваць яшчэ два выпадкі, паведамляе «Эха».
Адзін з іх датычыцца магчымага ўмяшання Інфанціна пасля званка Трампа з нагоды дыскваліфікацыі нападаючага зборнай ЗША Фаларына Балогуна. Другі эпізод тычыцца прасоўвання фан-зоны чэмпіянату свету. Паводле дадзеных FairSquare, яе рэгістрацыйныя старонкі абслугоўвала кампанія Campaign Nucleus, заснаваная былым кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Брэдэм Парскэйлам, а наведвальнікі перадавалі ёй імя, электронную пошту і нумар тэлефона. Арганізацыя просіць высветліць, ці маглі гэтыя даныя выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах.
ФІФА прыпыніла дыскваліфікацыю Балогуна пасля звароту Трампа. Інфанціна заяўляў, што дысцыплінарныя органы федэрацыі дзейнічаюць незалежна. Футбаліст выйшаў на поле 6 ліпеня, аднак Бельгія абыграла ЗША з лікам 4:1.