Зяленскі папярэдзіў пра магчымую эскалацыю з боку Пуціна
1- 14.07.2026, 13:37
- 2,310
Кіраўнік Крамля можа ўцягнуць у вайну больш краін.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што калі расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не дасягне сваіх мэтаў у вайне супраць Украіны, ён можа пайсці на эскалацыю.
Пра гэта Зяленскі сказаў у інтэрв'ю французскаму тэлеканалу BFMTV.
Паводле слоў украінскага лідара, калі Пуцін не здабудзе перамогу, «ён стане вельмі небяспечным, і не толькі для нас».
«Ён паспрабуе акупаваць іншае месца, іншых людзей і зноў забіваць, забіваць людзей», — падкрэсліў Зяленскі.
Ён дадаў, што Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць у вайну больш краін.
Кажучы пра патэнцыйнае спыненне агню, Зяленскі падкрэсліў, што яно «магчыма», але дасягнуць яго вельмі складана.
«Нам неабходна пакласці канец гэтай вайне. І ёсць адзін бок — Расія — які гэтага не хоча. Яны толькі дэманструюць гэта на словах», — падкрэсліў прэзідэнт, дадаўшы, што спыненне агню — гэта не проста словы, а канкрэтныя крокі.
Зяленскі таксама адзначыў, што Пуцін — «хлус», калі гаворка заходзіць пра магчымасць спынення агню, «бо яму патрэбна перамога».
Зазначым, раней Зяленскі заявіў, што кіраўнік Крамля можа ўцягнуць у вайну Беларусь.