Кыргызстан забараніў вываз нафты і нафтапрадуктаў у краіны ЕАЭС
- 14.07.2026, 12:44
- 1,236
З-за дэфіцыту паліва ў РФ.
Урад Кыргызстана ўвёў забарону на вываз нафты і нафтапрадуктаў у краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Пра гэта паведамляецца на сайце кыргызскага Кабміна.
У ЕАЭС уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан і Расія. З-за ўкраінскіх атак на НПЗ у Расіі ўзнік дэфіцыт паліва. Расійскія ўлады ўводзяць у рэгіёнах і на акупаваных украінскіх тэрыторыях абмежаванні на продаж бензіну і дызельнага паліва. З-за гэтага жыхары памежных раёнаў пачалі выязджаць у Казахстан, каб запраўляць свае аўтамабілі. Улады Казахстана ў адказ выставілі каля 60 пастоў на мяжы з Расіяй для спынення незаконнага вывазу гаруча-змазачных матэрыялаў (ГЗМ).
Забарона на вываз паліва з Кыргызстана дзейнічала і раней, але тады яго нельга было вывозіць за межы ЕАЭС. Згодна з унесенымі папраўкамі, цяпер забарона на вываз паліва аўтамабільным і чыгуначным транспартам уводзіцца ў дачыненні да краін — членаў ЕАЭС. У пастанове няма канкрэтнай даты: забарона будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль «не будзе насычаны ўнутраны рынак або не будуць сфармаваныя агульныя рынкі нафты і нафтапрадуктаў» ЕАЭС.
Акрамя таго, урад да 1 красавіка 2027 года прыпыніў дзеянне пункта пастановы, які забараняў увоз нафты і нафтапрадуктаў на бензавозах з Кітая — праз кыргызска-кітайскія кантрольна-прапускныя пункты.