14 лiпеня 2026, aўторак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна становіцца глабальным гульцом

Украіна становіцца глабальным гульцом

Беспілотнікі дазваляюць праводзіць аперацыі, даступныя раней толькі вялікім дзяржавам.

Украіна ўсё больш актыўна пераносіць супрацьстаянне з Расіяй за межы лініі фронту, выкарыстоўваючы танныя беспілотнікі, сучасныя сродкі сувязі і аперацыі спецслужбаў. Паводле ацэнак аналітыкаў, з 2023 года Кіеў паслядоўна пашырае геаграфію сваіх дзеянняў, наносячы ўдары па расійскіх інтарэсах як унутры краіны, так і за мяжой, піша CEPA (пераклад — сайт Charter97.org).

Адным з самых гучных прыкладаў стала аперацыя «Павуціна», у ходзе якой былі атакаваныя ваенныя аб’екты глыбока на тэрыторыі Расіі. «Сучасныя беспілотнікі можна запускаць практычна адкуль заўгодна — з грамадзянскіх грузавікоў, камерцыйных суднаў і іншых непрыкметных платформаў, што значна ўскладняе абарону стратэгічных аб’ектаў», лічаць аўтары артыкула.

Акрамя ўдараў па тэрыторыі Расіі, Украіна дзейнічае і ў іншых рэгіёнах свету. Паводле розных крыніц, украінскія спецыялісты дапамагалі ўрадавым сілам Судана ў барацьбе з байцамі ПВК «Вагнер», а таксама падтрымлівалі паўстанцаў у Малі, падаючы разведдадзеныя і навучаючы працы з беспілотнікамі. Таксама паведамлялася пра перадачу беспілотнікаў сірыйскім паўстанцам.

Асаблівую ўвагу Кіеў надае расійскаму «ценявому флоту». Украінскія сілы ўжо атакавалі некалькі звязаных з Расіяй танкераў у Міжземным і Чорным морах, а цяпер распрацоўваюць марскія беспілотнікі, здольныя не знішчаць судны, а захопліваць іх.

«Украіна ўжо атрымала магчымасці для правядзення аперацый з ужываннем беспілотнікаў далёка за межамі сваёй тэрыторыі», — лічыць намеснік кіраўніка Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Дзмітрый Жмайло. Пры гэтым ён падкрэслівае, што маштаб падобных дзеянняў залежыць не столькі ад тэхналогій, колькі ад рэсурсаў і палітычных рашэнняў.

Былы камандуючы арміяй ЗША ў Еўропе Бэн Ходжэс таксама ўпэўнены, што падобная стратэгія прыносіць вынік. «Дзеянні Украіны супраць расійскіх інтарэсаў за мяжой павышаюць кошт вайны для Масквы. Адно гэта ўжо мае вялікае значэнне», — адзначыў ён.

Развіццё аўтаномных беспілотнікаў робіць магчымымі аперацыі, якія яшчэ нядаўна былі па сілах толькі найбуйнейшым сусветным дзяржавам, а сама Украіна дэманструе новую мадэль вядзення сучаснай вайны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках