Кароткі дамен Telegram перастаў працаваць па ўсім свеце
1- 14.07.2026, 11:31
- 1,890
Сітуацыя стала нечаканасцю для Паўла Дурава.
Кароткі адрас Telegram перастаў працаваць па ўсім свеце пасля таго, як аператар чарнагорскай даменнай зоны .me прысвоіў яму статус serverHold. Паводле дадзеных сэрвісу Whois, дамен t.me быў выключаны з сістэмы DNS 13 ліпеня.
У выніку спасылкі на каналы, публікацыі і профілі перасталі адкрывацца ў браўзеры і не перанакіроўваюць карыстальнікаў у прыкладанне. Пры гэтым унутры самога Telegram спасылкі фармату t.me працягваюць працаваць. Мэсэнджар пачаў аўтаматычна замяняць іх на telegram.me пры капіраванні.
Прычыны абмежаванняў невядомыя. Адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны Чарнагорыі з'яўляецца ўрад краіны, а рэгістрацыйныя паслугі прадастаўляе рэестр Domain.me. У тэхнічным забеспячэнні інфраструктуры таксама ўдзельнічаюць амерыканскія кампаніі Identity Digital і GoDaddy.
Hey @domainME, https://t.co/9z6UC2o37U links stopped working. Can you look into it? 🙏
— Pavel Durov (@durov) July 14, 2026
Сітуацыя стала нечаканасцю для заснавальніка Telegram Паўла Дурава. Ён публічна звярнуўся да рэгістратара ў X: «Гэй, @domainME, спасылкі t.me перасталі працаваць. Паглядзіце, у чым справа?» Пры гэтым праблема не звязана са сканчэннем тэрміну дзеяння дамена: t.me зарэгістраваны да мая 2035 года.
Магчымымі прычынамі карыстальнікі называюць тэхнічны збой, юрыдычную спрэчку, унутраную праверку, выкананне патрабаванняў праваахоўных органаў і парушэнне правілаў рэестра. Сярод іншых версій — наступствы санкцый ЗША (у прыватнасці, з-за памылковага згадвання дамена Telegram у дакументах OFAC), а таксама палітычны фактар, звязаны з працэсам уступлення Чарнагорыі ў Еўрасаюз.