14 лiпеня 2026, aўторак, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БРЦ: Кітайскія матацыклы танна пастаўляліся ў РФ праз Беларусь у ваенных мэтах

1
БРЦ: Кітайскія матацыклы танна пастаўляліся ў РФ праз Беларусь у ваенных мэтах
Ілюстрацыйнае фота: Michal Hudcovič / pexels.com

У схеме паставак удзельнічалі кампаніі, звязаныя з Шэйманам,

Кітайскія матацыклы траплялі ў РФ праз Беларусь па заніжанай як мінімум у 10 разоў цане — у схеме паставак удзельнічалі кампаніі, зарэгістраваныя ў Швейцарыі і Ганконгу, некаторыя з іх звязаныя з асяроддзем набліжанага да Лукашэнкі Віктара Шэймана, заяўляе Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Така я схема магла не толькі скарачаць мытныя плацяжы, але і ствараць дадатковыя перавагі кітайскім канкурэнтам «Мотавелазавода» на адным з яго ключавых рынкаў збыту, адзначыла аўтар расследавання Святлана Яцкова.

Пры гэтым звяртаецца ўвага, што маршрут паставак выглядаў нетыпова: тэхніка ішла не наўпрост у Расію, а з Кітая ў Казахстан, затым у РФ, у Беларусь і зноў у РФ. Менавіта ў Беларусі матацыклы праходзілі мытнае афармленне, пасля чаго зноў адпраўляліся на расійскі рынак.

— Згодна з дакументамі, якія мы атрымалі, у лістападзе 2025 года адзін з кітайскіх вытворцаў адправіў у Беларусь каля сотні такіх эндуро-матацыклаў па 200 долараў кожны, — гаворыцца ў расследаванні. — Месяцам раней у краіну ўвезлі партыю мататэхнікі агульнай вагой больш за 15 тон: сярэдні кошт аднаго матацыкла склаў каля 60 долараў. Яшчэ ў адной пастаўцы 108 кросавых матацыклаў разам з камплектуючымі аформілі менш чым за 9 тыс. долараў — каля 80 долараў за адзінку. За два гады — з 2023-га па 2025-ы — па такой схеме ўвезлі тэхнікі амаль на 3 млн долараў.

Адзначаецца, што заніжэнне кошту тэхнікі дазваляе скараціць мытныя плацяжы і ПДВ, якія разлічваюцца на падставе заяўленага кошту тавару.

БРЦ устанавіў, што пастаўкі праходзілі праз беларускую кампанію «Брандсхандэль», зарэгістраваную ў лютым 2023 года. Яе заснавальнік і кіраўнік Андрэй Феакцістаў да гэтага амаль дзесяць гадоў працаваў у кампаніях, звязаных з асяроддзем Шэймана, адзначае БРЦ. Яшчэ раней Феакцістаў працаваў на «Мотавела».

«Амаль палова цяперашніх супрацоўнікаў кампаніі раней працавала ў фірме «Глобалкастом». Абедзве кампаніі ў розны час былі зарэгістраваныя па адным адрасе на вул. Няміга ў Мінску. Фармальна ўладальніцамі «Глобалкастома» былі выпускніца Акадэміі мастацтваў і адэская цырульніца. Аднак, як раней устанавіў БРЦ, выпускніца тады знаходзілася ў адносінах з Віктарам Шэйманам, а цырульніца была жонкай пляменніка ягонай першай жонкі. «Глобалкастом», як цяпер і «Брандсхандэль», зарабляў на афармленні імпартных паставак праз беларускую мытню і мінімізацыі мытных плацяжоў — у тым ліку ў перыяд, калі Шэйман займаў пасаду кіраўніка справамі прэзідэнта», — піша аўтар расследавання.

Пасля «Глобалкастома» частка яго супрацоўнікаў перайшла не толькі ў «Брандсхандэль», але і раней у «Алексвіт ЛТД», якая таксама мінімум адзін раз выступала мытным дэкларантам паставак «Брандсхандэля». З 2021 па 2025 год яна належала былому намесніку старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргею Барысюку. У дзень, калі Барысюк стаў уладальнікам кампаніі, яе дырэктарам прызначылі Кірыла Жукава — чалавека, які раней працаваў у структурах асяроддзя Шэймана.

У расследаванні адзначана, што схема з пастаўкамі кітайскіх матацыклаў разгортвалася тады, калі расійскі рынак перажываў бурны рост. Паводле дадзеных галінавай статыстыкі, калі ў 2022 годзе ў Расіі прадалі каля 15,5 тыс. новых матацыклаў, то да 2025 года — ужо больш за 51 тыс.

Выказваецца меркаванне, што адной з прычын можа быць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну: эксперты Амерыканскага Інстытута вывучэння вайны звярнулі ўвагу, што эндуро, прыдатныя для язды па бездарожжы, пачалі закупляць для патрэб расійскай арміі. Акрамя таго, на фоне падаражання аўтамабіляў расіяне сталі часцей выбіраць мататэхніку.

Мінскі мота-велазавод выпускае эндуро-матацыклы, аналагічныя тым, што фігуруюць у расследаванні. Аднак скарыстацца гэтым ростам попыту завод не змог. Паводле звестак дзяржаўных СМІ, у 2024 годзе ён выпусціў усяго каля 6 тыс. матацыклаў.

Замест таго, каб умацоўваць пазіцыі беларускага вытворцы на растучым рынку, на пастаўках кітайскіх матацыклаў зараблялі кампаніі, звязаныя з асяроддзем Віктара Шэймана, падкрэсліваецца ў расследаванні.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках