Пентагон рассакрэціў новыя матэрыялы пра НЛА
4- 11.07.2026, 17:26
- 2,944
Сярод іх — НЛА ў форме чалавека і шасціканцовай зоркі.
Міністэрства абароны ЗША апублікавала чацвёртую партыю рассакрэчаных матэрыялаў пра неапазнаныя анамальныя з'явы (UAP). На спецыяльнай старонцы Пентагона размешчаныя 40 новых файлаў: 14 дакументаў, 19 відэазапісаў, чатыры аўдыяфайлы і тры выявы.
Матэрыялы паступілі ад Пентагона, НАСА, ЦРУ, ФБР і Міністэрства энергетыкі ЗША. Амаль палова з іх датуецца 2010 годам і пазней. Пераважна гэта інфрачырвоныя запісы з вайсковых камер, на якіх зафіксаваныя неапазнаныя аб'екты над заходняй часткай Ціхага акіяна, Атлантычным акіянам і Блізкім Усходам.
Сярод самых прыкметных матэрыялаў — справаздача Міністэрства энергетыкі ЗША пра ўварванне неапазнанага аб'екта ў паветраную прастору над ядзерным аб'ектам «Пантэкс» у Тэхасе ў верасні 2015 года. Паводле дакумента, двое афіцэраў на аўтамабілі пераследавалі аб'ект пасля ачаплення тэрыторыі. Пазней яны спынілі машыну і выйшлі вонкі, аднак не пачулі ніякіх гукаў і не змаглі разгледзець на аб'екце рухавікі нават праз бінокль. Назіранне працягвалася адну–дзве хвіліны, пасля чаго аб'ект адляцеў.
У апублікаваны архіў таксама ўвайшло відэа, знятае з борта грамадзянскага самалёта ў 2019 годзе. У суправаджальнай справаздачы адзначаецца, што аб'ект дэманстраваў «лятныя характарыстыкі, не падобныя ні на што, што назіральнік бачыў за 28 гадоў службы ў ВПС і ВМС ЗША». Яго апісваюць як невялікі аб'ект, што рухаўся па простай траекторыі з высокай хуткасцю. На іншым запісе, зробленым у 2020 годзе з вайсковай платформы, зафіксаваны «цёмна-бардовы аб'ект вышынёй каля 12–15 футаў» (3,7–4,6 метра), які дрэйфаваў па ветры без манеўраў і, паводле ацэнкі назіральнікаў, нагадваў вялікі дэфармаваны паветраны шар.
Самыя новыя матэрыялы адносяцца да 2025 года. У адным з дакладаў Інда-Ціхаакіянскага камандавання ЗША апісваецца 18-секундны відэазапіс, на якім вайсковы датчык фіксуе «вобласць кантрасту, якая нагадвае шасціканцовую зорку». Яшчэ адзін дакумент утрымлівае пяціхвілінны запіс хутка рухомага свяцістага аб'екта.
Публікацыя архіваў вядзецца паводле распараджэння прэзідэнта Дональда Трампа, які ў лютым 2026 года даручыў пачаць рассакрэчванне ўрадавых матэрыялаў, звязаных з НЛА. Першыя тры пакеты дакументаў былі апублікаваныя ў маі і чэрвені. Як падкрэслівае Пентагон, пры падрыхтоўцы матэрыялаў былі выдалены толькі звесткі, што дазваляюць ідэнтыфікаваць відавочцаў, раскрываюць месцазнаходжанне ўрадавых аб'ектаў і іншую канфідэнцыйную інфармацыю.