Да «Дажынак» у Калінкавічах ружовую плітку заменяць на блакітную
6- 8.06.2026, 14:09
- 2,142
Сума касмічная.
У межах падрыхтоўкі да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» у Калінкавічах узяліся за любімую справу беларускіх чыноўнікаў-гаспадарнікаў — перакладанне тратуарнай пліткі.
Як адзначыў «Флагшток» у справаздачы Калінкавіцкага райвыканкама, плітку цалкам перакладаюць на плошчы Леніна перад адміністрацыйным будынкам райвыканкама. Работы не праходзілі праз сэрвіс дзяржаўных закупак. Новая плітка будзе з арнаментам блакітнага колеру, незвычайнага для гарадскога добраўпарадкавання. Раней узор быў ружовы.

Пры гэтым на фота 2025 года не бачна асаблівых дэфектаў тратуарнага пакрыцця на плошчы — падстаў для рамонту і замены пліткі візуальна не назіралася. Выходзіць, што ўлады ўклалі велізарную суму з бюджэту ў работы, у якіх не было неабходнасці.

Дакладны кошт гэтых работ невядомы, але паводле прыблізных разлікаў ён можа дасягаць 1 млн рублёў або каля 300 тыс. долараў. Плошча пліткавага пакрыцця складае каля 10 000 кв. м. Для дэмантажу старой пліткі і ўладкавання новага пакрыцця па эскізе паводле існых расцэнак неабходна ад 800 тыс. да 1,1 млн рублёў.
І гэта пры тым, што амаль 3 млн рублёў (1 млн долараў) ужо было ўкладзена ў бягучы і капітальны рамонт будынка райвыканкама — згодна з апублікаванымі раней тэндарамі. Рамонт пакуль працягваецца, яго павінны завяршыць якраз да «Дажынак».
Мяркуецца, што дэмантаваную з плошчы плітку аддадуць на добраўпарадкаванне тэрыторый школ, але нават такое апраўданне растраты велізарнай сумы з бюджэту выглядае непераканаўчым.