Пра што насамрэч даклад Дугіна і Малафеева?
4- Віктар Ягун
- 4.06.2026, 15:04
- 4,168
Гэта не проста экстравагантная выхадка.
На Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме-2026 «Інстытут Царьград» Канстанціна Малафеева пры ўдзеле Аляксандра Дугіна прадставіў даклад пра будучыню Расіі да 2050 года.
Сам па сабе гэты факт застаўся б чарговай экстравагантнай выхадкай расійскіх ультракансерватараў, калі б не адна важная акалічнасць: паводле слоў саміх аўтараў, дакумент ужо абмяркоўваўся ў Акадэміі Генеральнага штаба РФ, а пытанні дзяржаўнай ідэалогіі рэгулярна разглядаюцца ў атачэнні расійскіх уладаў.
Таму значэнне мае не толькі змест дакумента, але і сам факт яго з’яўлення на адным з галоўных дзяржаўных форумаў Расіі.
У так званым «пазітыўным сцэнары» развіцця Расіі аўтары бачаць прымяненне ядзернай зброі, тэрытарыяльнае пашырэнне за кошт Украіны, «перамогу ў ідэалагічнай вайне», распад Еўрапейскага саюза і фармаванне ўласнага еўразійскага макрарэгіёна пад кіраўніцтвам Масквы. У той жа час сярод галоўных пагроз называюцца параза ў вайне, «замяшчальная міграцыя», біятэхналогіі, штучны інтэлект і страта фінансавага суверэнітэту. У якасці рэцэпту прапануюцца аўтакратыя, «нацыяналізацыя эліт» і дэвестэрнізацыя.
На першы погляд гэта можа выглядаць як набор радыкальных фантазій. Аднак насамрэч дакумент цікавы не столькі сваімі прагнозамі, колькі тым, як ён адлюстроўвае ўяўленні часткі расійскай эліты пра жаданую будучыню.
Фактычна перад намі не стратэгія развіцця дзяржавы, а стратэгія цывілізацыйнага рэваншу.
У гэтым бачанні будучыні няма канкурэнтнай эканомікі, інавацый, палітычнай мадэрнізацыі ці павышэння дабрабыту грамадзян як галоўнай мэты. Будучыня вызначаецца праз знешнюю экспансію, тэрытарыяльнае пашырэнне, барацьбу з Захадам і ўсталяванне ідэалагічнага кантролю ўнутры краіны.
Асабліва паказальны пункт пра прымяненне ядзернай зброі. На працягу дзесяцігоддзяў афіцыйная расійская ядзерная дактрына прадстаўляла ядзерны арсенал як інструмент стрымлівання і гарантыю выжывання дзяржавы. У дакладзе ж выкарыстанне ядзернай зброі фактычна разглядаецца як адзін з элементаў паспяховага геапалітычнага сцэнару. Гэта сведчыць пра небяспечную трансфармацыю мыслення часткі расійскага палітычнага класа, дзе ядзерны фактар усё больш успрымаецца не толькі як сродак прадухілення вайны, але і як патэнцыйны інструмент дасягнення палітычных вынікаў.
Не менш важна і іншае. Аўтары фактычна прызнаюць, што Расія ўступае ў канфлікт не толькі з Захадам, але і з самай логікай развіцця сучаснага свету. Пагрозамі абвяшчаюцца глабальная інтэграцыя, тэхналагічныя змены, штучны інтэлект, біятэхналогіі і міжнародная ўзаемазалежнасць. Гэта значыць усё тое, што будзе вызначаць развіццё свету ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі.
З пункту гледжання бяспекі Украіны галоўная выснова палягае не ў тым, што ўжо заўтра Расія рэалізуе менавіта гэты сцэнар. Большасць яго палажэнняў выглядае маларыалістычнай або адкрыта ўтопічнай канструкцыяй.
Куды больш важна іншае: у прапанаваным вобразе будучыні Расіі ўвогуле адсутнічае мадэль мірнага суіснавання з суседзямі. Перамога вызначаецца праз экспансію. Бяспека — праз дамінаванне. Стабільнасць — праз аўтакратыю. А развіццё — праз барацьбу з вонкавым светам.
Менавіта таму цяперашняя вайна з’яўляецца не толькі вайной за тэрыторыі. Яна ўсё больш набывае прыкметы канфлікту паміж дзвюма прынцыпова рознымі мадэлямі будучыні. Украіна змагаецца за права быць часткай адкрытага свету. Частка расійскай эліты працягвае будаваць праект дзяржавы, якая бачыць уласную будучыню толькі праз рэванш, кантроль і прымус.
І менавіта гэтая акалічнасць уяўляе значна больш працяглую і глыбокую пагрозу, чым любыя асобныя заявы Пуціна, Дугіна або Малафеева.
Віктар Ягун, «Фэйсбук»