Уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы працягваюць лятаць расійскія дроны
5- 29.06.2026, 11:54
- 3,532
Нягледзячы на адключэнне рэтранслятараў.
У апошнія дні, з пятніцы, 26 чэрвеня, аднавіліся палёты груп расійскіх ударных БПЛА ўздоўж мяжы Беларусі і Украіны. Паводле паведамлення Паветраных сіл ЗСУ, у пятніцу было адразу тры выпадкі, калі групы беспілотнікаў, запушчаныя з Бранскай вобласці РФ, курсавалі на поўначы Чарнігаўшчыны ў напрамку Любеча і Слаўуціча ўздоўж мяжы з Гомельшчынай: каля 08:00, каля 16:00, каля 21:00.
Сітуацыя паўтарылася ў суботу каля 19:30, калі чарговая група БПЛА рухалася ўздоўж мяжы ў напрамку Слаўуціча, паведамляе «Флагшток».

Пры гэтым дроны не абміналі «брагінскі кішэнь» і не ляцелі далей на Жытоміршчыну. З тэрыторыі Беларусі пасля выпадку 25 чэрвеня залётаў расійскіх БПЛА маніторынгавыя каналы не фіксавалі. Таксама няма сведчанняў відавочцаў.
Чаму палёты дронаў уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы працягнуліся, нягледзячы на заяву пра адключэнне ў Беларусі рэтранслятараў, патлумачыў дарадца міністра абароны Украіны па тэхналагічных пытаннях Сяргей Бескрэстнаў («Флэш») у інтэрв’ю «Суспільне». Акрамя тэмы рэтранслятараў ён расказаў, як яшчэ Расія выкарыстоўвае беларускую інфраструктуру пры паветраных атаках тэрыторыі Украіны:
«Другая частка гісторыі такая, што на кожным «Шахедзе» ўсталяваны LTE-мадэм з расійскай сім-картай расійскай кампаніі Т2. І калі расійскія «Шахеды» і «Герберы» лятаюць побач з мяжой Беларусі, яны могуць «чапляцца» за беларускія сеткі мабільнай сувязі і выкарыстоўваць іх для перадачы інфармацыі з тэрыторыі Украіны».
У той жа час ён пацвердзіў, што тыя самыя рэтранслятары, пра якіх казаў Уладзімір Зяленскі, былі адключаныя ў Беларусі, і растлумачыў, для чаго іх выкарыстоўвала Расія. Адзін з рэтранслятараў знаходзіўся ў Брагінскім раёне Гомельшчыны, меркавана, на тэрыторыі радыяцыйнага запаведніка:
«Мы фіксавалі працу чатырох рэтранслятараў. Адзін з іх стаяў каля мяжы, непадалёк ад горада Слаўуціч. Таму ўсе разведвальныя БПЛА, якія лёталі над Кіевам, «Герберы» — уся гэтая нечысць кіравалася з гэтай кропкі ў Беларусі. Бо найкарацейшая да Кіева дыстанцыя для радыёкіравання з тэрыторыі РФ — 210 кіламетраў, а з Беларусі — 140 км».

Паводле «Флэша», ужо некалькі гадоў расіяне ўсталёўваюць на «Шахеды» радыёмадэмы сувязі. Гэта дазваляе ім атрымліваць разведвальную інфармацыю з камер «Шахедаў» і кіраваць імі як FPV-дронамі — па радыёканале з тэрыторыі Расіі. Кожная такая кропка дазваляе кіраваць БПЛА на дыстанцыі да 200 кіламетраў:
«Але ёсць такія месцы, да якіх вежы з Расіі не дасягаюць. Напрыклад, Львоў, Ковель і іншыя рэгіёны Захаду Украіны. Каб кіраваць ударнымі і разведвальнымі БПЛА, якія запускалі па гэтых тэрыторыях, расіяне выкарыстоўвалі чатыры вежы з усталяванымі на іх рэтранслятарамі сігналу на тэрыторыі Беларусі».
Эксперт расказаў, як выглядаюць рэтранслятары: вежа вышынёй 45–70 метраў — гэта можа быць вышка мабільнага аператара, тэлевежа або ўвогуле любая вежа, на якой усталёўваюць падлучаны да інтэрнэту прыёмна-перадатчык і антэну, накіраваную ў бок Украіны.
«Флэш» адзначыў, што з-за адключэння рэтранслятараў атакі на паўночны захад Украіны не спыняцца, але будуць адбывацца не ў рэжыме анлайн-кіравання:
«Гэта будуць стандартныя атакі «Шахедаў» па GPS-каардынатах. Не будзе разведкі. Гэта вельмі важна, таму што расіяне не толькі атакуюць нас анлайн дзякуючы гэтым сеткам — яны вядуць магутную разведку, шукаючы нашы аб’екты інфраструктуры, нашу ППА і гэтак далей. Не будзе анлайн-атак на лакаматывы цягнікоў, ізноў жа на ППА».