Пасля ультыматуму Зяленскага беларускія вайскоўцы ператварыліся ў «галубоў міру»
18- 22.06.2026, 9:38
- 19,560
Лукашэнкаўскія прапагандысты таксама раптам «пераабуліся».
Пасля ультыматуму Уладзіміра Зяленскага Аляксандру Лукашэнку пра дэмантаж рэтранслятараў, якія дапамагаюць расійскім ударам па Украіне, беларускія дзяржаўныя СМІ загаварылі пра неўдзел краіны ў вайне, піша «Зеркало».
Дзяржаўнае агенцтва БелТА апублікавала «міралюбівую» заяву кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова тыднёвай даўніны, аднак у скарочаным выглядзе, а таксама рэплікі міністра абароны Віктара Хрэніна і дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вольфовіча.
21 чэрвеня БелТА апублікавала заяву міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова пра тое, што «Масква выдатна разумее пазіцыю Мінска пра саюзніцтва з Масквой, але неўдзел у канфлікце ва Украіне».
«У нас вельмі выразная пазіцыя. Мы выдатна разумеем той падыход, які выкладаў прэзідэнт Лукашэнка. Беларусь наш саюзнік, але Беларусь у вайне не ўдзельнічае», — цытуе агенцтва расійскага міністра.
Пры гэтым там не прывялі іншую, больш ваяўнічую частку яго заявы, якая насамрэч прагучала яшчэ 15 чэрвеня.
«Калі яе (Беларусь. — Заўв. рэд.) хочуць туды (у вайну. — Заўв. рэд.) ўцягнуць, на гэта Аляксандр Рыгоравіч ужо адказваў: «Мала не падасца», — сказаў тады Лаўроў.
Таксама 21 чэрвеня міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў, што ваенная стратэгія Беларусі заключаецца ў тым, каб «не ўцягвацца ў канфлікт і забяспечваць бяспеку грамадзян».
«Напружанне ёсць. Ёсць пэўныя правакацыі. У большай ступені яны, вядома, гучаць у інфармацыйным полі ў выглядзе розных пагроз і абяцанняў нешта зрабіць. Тут трэба глядзець на стратэгію, і стратэгію выразна вызначыў наш прэзідэнт: ваеннага сэнсу ўцягвацца нам у канфлікт (ці, як кажуць, хочуць нас уцягнуць) няма зусім. Вядома, мы назіраем за тым, што адбываецца. Вядома, пэўныя сілы мы трымаем на мяжы, але ў мінімальным аб'ёме — для таго, каб забяспечыць прыкрыццё дзяржаўнай мяжы ва ўзаемадзеянні з нашымі памежнікамі», — сказаў Віктар Хрэнін.
Па яго словах, падобная тактыка «намі абраная ўжо не адзін год. Мы гэтага прытрымліваемся і будзем прытрымлівацца далей».
З падобнымі міратворчымі заявамі выступіў і дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч. Ён заявіў, што канфлікт ва Украіне неабходна як мага хутчэй спыніць, аднак, на яго думку, еўрапейскія краіны не зацікаўленыя ў яго завяршэнні.
«Яны былі б рады ўцягнуць нашу краіну ў гэты канфлікт, каб і на тэрыторыі нашай краіны ўспыхнуў пажар», — паскардзіўся Вольфовіч, падкрэсліўшы, што «Беларусь — за добрасуседскія адносіны, за мірны дыялог, за вырашэнне ўсіх праблем за сталом перамоваў».
Нагадаем, усе гэтыя заявы прагучалі праз некалькі дзён пасля жорсткіх выказванняў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага на адрас Аляксандра Лукашэнкі. 19 чэрвеня ён заявіў, што Мінску варта дэмантаваць рэтранслятары, якія, паводле сцвярджэнняў Кіева, дапамагаюць Расіі карэктаваць удары беспілотнікаў па тэрыторыі Украіны. Пазней Зяленскі паведаміў, што Украіна ведае пра чатыры такія аб'екты ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях і даў тыдзень на іх дэмантаж.