«І сканер, і ўручную, і сабак там тры штукі»
- 29.06.2026, 10:42
- 1,530
Як прайшлі анамальна спякотныя выхадныя на беларуска-польскай мяжы.
У спякотныя выхадныя беларуска-польская мяжа жыла па розных сцэнарах. Адны падарожнікі пісалі пра амаль імгненнае перасячэнне мяжы. Іншыя скардзіліся, што дарога заняла 10, 12 або нават 16 гадзін. Старанныя дагляды пры ўездзе ў Беларусь, кандыцыянеры, «толікі» і чырвоныя паваротнікі — MOST вывучыў, пра што пісалі ў прыгранічных чатах.
«З чырвонымі паваротнікамі праехаў за тры гадзіны і 40 хвілін»
Мінулым тыднем шмат шуму нарабіла інфармацыя пра чырвоныя паваротнікі на аўтамабілях амерыканскага паходжання.
Нагадаем, паводле паведамлення польскай паліцыі, аўтамабілі павінны быць абсталяваныя заднімі паказальнікамі павароту жоўтага або аранжавага колеру, добра бачнымі дзень і ноч. У многіх машын з амерыканскага рынку заднія паваротнікі чырвоныя. Пасля гэтага ў сетцы з'явілася інфармацыя, што такія аўтамабілі нібыта не прапускаюць у Польшчу.
Некаторыя падарожнікі пісалі, што загадзя падрыхтаваліся да магчымых узмоцненых праверак:
«У нас амерыканская машына — паваротнікі не правяралі, хаця мы перарабілі пад еўра».
Яшчэ адзін карыстальнік чата распавёў, што праехаў у Польшчу з чырвонымі паваротнікамі:
«З чырвонымі паваротнікамі праехаў за тры гадзіны і 40 хвілін».
Паведамленняў пра тое, што каго-небудзь разгарнулі менавіта з-за чырвоных паваротнікаў, у чатах мы не знайшлі. Але абмеркаванняў на гэтую тэму было шмат.
«„Толікі“ лезуць без чаргі»
На ўездзе на мяжу з боку Польшчы польскія памежнікі аб'язджалі чаргу. Калі ў людзей не было VAT, іх адразу запрашалі пад шлагбаўм і накіроўвалі ў «зялёны калідор». Некаторыя беларусы ацанілі такі падыход:
«Гэта істотна дапамагае, асабліва калі «толікі» лезуць без чаргі».
У чатах таксама абмяркоўвалі, хто і як рэгулюе рух каля мяжы:
«Каля цэнтрума стаіць расфуфраная дамачка і кіруе, каму куды і калі заязджаць. Натуральна, усе на першым рэгіёне або тыя, хто ў групе «толікаў».
«Толікамі» ў прыгранічных чатах называюць людзей, якія спрабуюць уклінецца ў чаргу, аб'язджаючы яе па папярэдніх дамоўленасцях.
Да тэмы «толікаў» у чатах вяртаюцца рэгулярна. Тыя, хто рэдка перасякае мяжу, здзіўляюцца, чаму частка аўтамабіляў аб'язджае агульную чаргу:
«Стаю ў агульнай чарзе і назіраю, як перыядычна праскокваюць машыны па аўтобуснай паласе ў бок РБ з Польшчы. Чаму так?»
Вопытныя падарожнікі тлумачаць гэта так:
«Брэсцкія бізнесмены ляцяць на выгрузку тавару ну або да сваіх хлопцаў дадому».
У чатах таксама гучалі заклікі не прапускаць такія машыны і выклікаць паліцыю. Пры гэтым удзельнікі адзначалі, што з-за чарг і спроб аб'езду на мяжы ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі.
Аўтобусы: ад хуткага пераходу да 16 гадзін чакання
Сітуацыя з аўтобусамі была неадназначнай. Адны карыстальнікі пісалі пра хуткае праходжанне мяжы і лёгкі дагляд. Іншыя распавядалі пра шматгадзінныя затрымкі.
«Гучыць як фэйкі. У бок РП ехалі — усе пісалі тры гадзіны, мяжа ў выніку была 16 гадзін. Назад едзем — пішуць тры-пяць гадзін, стаім 12 гадзін. І як толькі мы адпакутавалі і праехалі, з'яўляецца наступны справаздачны пост у духу: «у 20.00 на РП, у 20.10 у РБ ўехалі».
Па словах карыстальнікаў, час праходжання мяжы залежаў у тым ліку ад узроўню дагляду пасажыраў. Некаторыя пісалі, што аўтобусы на ўезд у Беларусь правяралі асабліва старанна. Пасажыраў накіроўвалі на гутаркі і рэнтген.
«І сканер, і ўручную, і сабак там тры штукі. Толькі што з пашпартнага кантролю з РБ, бачылі праз шкло, як правяраюць тых, хто ўязджае ў РБ».
Паводле паведамленняў карыстальнікаў, асобную ўвагу на мяжы надавалі грамадзянам Украіны. Некаторых накіроўвалі на дадатковыя гутаркі, а двух, як сцвярджалі ў чатах, знялі з рэйса. Падрабязнасцяў пра іх далейшы лёс не паведамлялася.
З-за анамальнай спякоты многія пыталіся, ці працуюць кандыцыянеры ў аўтобусах. Судзячы па паведамленнях у чатах, у большасці аўтобусаў яны былі ўключаныя. Але цалкам уратавацца ад спякоты падарожнікам усё адно не ўдалося:
«Вельмі горача: нідзе ў памяшканнях няма кандыцыянераў, а ў аўтобус назад не пускалі, пакуль увесь натоўп, 70 чалавек, кантроль не пройдзе».