Зяленскаму далажылі пра развіццё ваеннай інфраструктуры ў Беларусі
7- 25.06.2026, 18:40
- 6,948
Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да «патэнцыйнага пашырэння агрэсіі супраць Украіны».
Пра рэалізацыю «пад відавочным расійскім уплывам у Беларусі мер па падрыхтоўцы да патэнцыйнага пашырэння агрэсіі супраць Украіны» далажыў украінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Алег Лугоўскі.
Паводле звестак украінскай разведкі, на беларускім баку ўздоўж мяжы з Украінай «завяршаецца будаўніцтва дарожнай інфраструктуры і баз захоўвання боепрыпасаў і паліўна-змазачных матэрыялаў, якія не маюць ніякага іншага сэнсу, акрамя ваеннага».
«Гэта памежныя накірункі Кобрынь — Ковель, Іванава — Маневічы, Лунінец — Сарны, Рэчыца — Карастэнь і Гомель — Чарнігаў. Мы ведаем, што ў расійскіх дакументах гэта апісваецца менавіта ў кантэксце задач так званай СВА», — паведаміў у сваім тэлеграм-канале Уладзімір Зяленскі.



Ён дадаў, што Беларусь атрымала ад Украіны «неабходныя сігналы адносна такой дзейнасці, а таксама ўсіх іншых фарматаў іх калабарацыі з Расіяй у мэтах зацягвання і маштабавання вайны».
«Беларусь ведае, якія крокі патрэбныя з яе боку дзеля міру. Развіццё памежнай інфраструктуры агрэсіі з беларускага боку павінна быць спынена. Крокі, накіраваныя на дэскалацыю і мір, павінны быць зроблены менавіта беларускім бокам», — падкрэсліў Зяленскі.