«Пасля ўльтыматуму Зяленскага камусьці ніякая псіхатэрапія не дапаможа»
3- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 20.06.2026, 13:52
- 5,714
Не факт, што Украіна спыніцца на рэтранслятарах або нават на Мазырскім заводзе.
Дарэмна, атрымліваецца, ўчора нехта круціў каровам хвасты. Пасля ультыматуму прэзідэнта Зяленскага яму ніякая псіхатэрапія не дапаможа. Бо няма на свеце такой цялушкі, нават самай джэрсійскай пароды, каб магла яго суцешыць. Узгадванне пра 500 цэляў так пахіснула яму баявую гатоўнасць, што ён запісаў сябе разам з усімі генераламі ў смяротнікі. А ўчорашні ўльтыматум прэзідэнта Зяленскага — гэта горш, чым 500 цэляў.
Пяцьсот цэляў — паняцце ўсё ж такі крышачку абстрактнае. Ну, прынамсі, пакуль табе гэтыя цэлі не пералічылі паімённа. А тут жа прэзідэнт Зяленскі паставіў канкрэтныя тэрміны. Сказаў за тыдзень адключыць рэтранслятары ўздоўж украінскай мяжы, а то ён сам іх адключыць. А калі прэзідэнт Зяленскі сказаў, дык адключыць. З усімі наступствамі, што з гэтага вынікаюць.
І нехта гэта разумее значна лепш, чым мы з табой. У кагосьці наконт баявой гатоўнасці генерала Хрэніна няма ніякіх ілюзій. Таму сваім ультыматумам прэзідэнт Зяленскі паставіў кагосьці ў такую позу, для якой яго прысарэлы арганізм ужо не надта прыстасаваны.
То-бок, з аднаго боку, лепш, вядома, адключыць самому. Не чакаючы, пакуль прыляцяць усе наступствы. Але наступствы ж могуць прыляцець і з другога боку. Недарэмна той другі бок прыслаў на тыдні свайго міністра Лаўрова, каб указаць гаранту, у якога сканчаецца тэрмін, яго знешнепалітычны курс. Атрымліваецца дылема, аднак.
Вось думаю, што нехта, чыста тэарэтычна, быў бы не супраць, каб прэзідэнт Зяленскі сапраўды сам адключыў яму гэтыя рэтранслятары, як ён умее. Нават калі разам з якім-небудзь Мазырскім заводам. Нехта пасля гэтага мог бы нават перад прэзідэнтам Зяленскім яшчэ раз выбачыцца.
Але ёсць нюанс. І, можа, нават не адзін.
Па-першае, не факт, што прэзідэнт Зяленскі спыніцца на рэтранслятарах. Ці нават на Мазырскім заводзе. Бо беларуская стабільнасць — самая слабая ланка пуцінскай Расіі. Стабільнасць сама сябе абараніць не ў стане, а ў Пуціна няма чым яе абараніць. Ён ужо і Маскву сабе абараніць не можа.
І вось калі фатальна пашкодзіць Пуціну стабільнасць у Беларусі, дык стабільнасць у Расіі таксама можа доўга не вытрымаць гэтага каскаднага эфекту. А каб пашкодзіць беларускую стабільнасць, не трэба нават моцна старацца. Бо гэтая стабільнасць трымаецца, пакуль яе ніхто па-сапраўднаму не чапае. Таму ў прэзідэнта Зяленскага ёсць прамы рэзан чапнуць.
А, па-другое, калі выбачацца перад прэзідэнтам Зяленскім, калі ён выключыць рэтранслятары (не кажучы ўжо пра Мазырскі завод), будзе зусім няёмка. Бо нехта чатыры гады палохаў, што на чырвонай лініі ён да трох лічыць не ўмее. Што, маўляў, мсціць буду я, і помста будзе жахлівая. Што ён адкажа ўпалоўвароту ўсёй баявой гатоўнасцю генерала Хрэніна па ўсіх цэнтрах прыняцця рашэнняў. І каму потым ты будзеш распавядаць, што пад адказам па цэнтрах прыняцця рашэнняў меў на ўвазе «дзядзечка прэзідэнт Зяленскі, прабачце прысарэлага гаранта»?
Дзяржаўныя тэлевізары і так ужо перажываюць востры кагнітыўны дысананс. Бо іх гаранта, як таго шчанюка, тыкаюць пысай ва ўсе пакінутыя ім лужыны, а ён толькі выбачаецца. А ім жа трэба тлумачыць сведкам стабільнасці, што іх гарант яшчэ ого-го. Нядзіўна, што пасля ўчорашняга ўльтыматуму тэлевізары маглі толькі плявацца ў экран. Бо слоў у іх не засталося, засталіся адны істэрыкі.
Але фантан тэлевізарам лепш усё ж заткнуць. Па-першае, каб не давялося потым яшчэ і за іх выбачацца. А, па-другое, каб не паглыбляць сведкам стабільнасці кагнітыўнага дысанансу.
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»