Апублікаваны рэйтынг лепшых Android‑смартфонаў па суадносінах цана/прадукцыйнасць
3- 2.06.2026, 16:21
- 1,034
Усе прылады падзялілі на пяць цэнавых катэгорый: ад ультрабюджэтных да флагманскіх.
Распрацоўшчыкі бенчмарку AnTuTu апублікавалі абноўлены рэйтынг смартфонаў на базе Android з найлепшым суадносінам цаны і прадукцыйнасці. Ён складзены па выніках мая 2026 года і падзелены на пяць цэнавых катэгорый.
Аўторы рэйтынгу адзначаюць, што пры яго складанні ўлічваўся выключна ўзровень прадукцыйнасці прылад. Такія параметры, як якасць камеры, час аўтаномнай працы, характарыстыкі дысплея і іншыя асаблівасці смартфонаў, у разлік не прымаліся.
У ультрабюджэтным сегменце (да 150 долараў) першае месца заняў Oppo K12s 5G на базе Snapdragon 6 Gen 4. За ім размясціліся Redmi Note 15 з працэсарам Snapdragon 6 Gen 3 і iQOO Z10x з чыпсэтам Dimensity 7300-Ultra. Усе тры прылады атрымалі высокія ацэнкі за суадносіны цаны і магчымасцяў.
У катэгорыі ад 150 да 300 долараў лідарам стаў Redmi Turbo 5 Max. Галоўная прычына — чып Dimensity 9500s, які лічыцца найлепшым у сваім класе. За ім размясціліся OnePlus Ace 5 Ultra з Dimensity 9400+ і Redmi K90 са Snapdragon 8 Elite.
Сярод смартфонаў коштам ад 300 да 450 долараў найлепшым прызналі Realme GT8. Пакуль што гэта самы даступны смартфон на базе працэсара Snapdragon 8 Elite Gen 5. Срэбра і бронзу забралі Realme Neo 8 на Snapdragon 8 Elite Gen 5 і Redmi K90 Max на Dimensity 9500.
У дыяпазоне ад 450 да 600 долараў першае месца заняў OnePlus 15T. На другім месцы апынуўся Realme GT8 Pro, а трэцюю пазіцыю заняў Honor Magic 8 Pro Max. Усе тры мадэлі выкарыстоўваюць мабільную платформу Snapdragon 8 Elite Gen 5.
У прэміяльным сегменце (даражэй за 600 долараў) найлепшымі сталі iQOO 15 Ultra, RedMagic 11 Pro і Xiaomi 17 Max. Гэтыя смартфоны пабудаваныя на базе разагнанай версіі флагманскага чыпа Snapdragon 8 Elite Gen 5.