Перамовы ЗША і Ірана сарваныя
11- 19.06.2026, 10:42
- 8,906
Джэй Дзі Вэнс адмяніў паездку ў Швейцарыю.
Мірныя перамовы паміж ЗША і Іранам, якія павінны былі прайсці 19 чэрвеня на гарналыжным курорце Бургеншток у Швейцарыі, не адбудуцца. Пра гэта паведаміла МЗС Швейцарыі, паведамляе «Радыё Свабода».
У заяве ведамства сказана, што Швейцарыя «па-ранейшаму гатовая садзейнічаць гэтым перамовам».
У чацвер Белы дом заявіў, што віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс не паедзе ў Швейцарыю, паколькі планы перамоў яшчэ не былі канчаткова ўзгодненыя. «Лагістыка гэтых перамоў ніколі не была простай або прадказальнай», — сказаў прадстаўнік Белага дома.
Іран пакуль не каментаваў адмену перамоў.
Раней паведамлялася, што на сустрэчы ў Швейцарыі бакі падпішуць мемарандум аб узаемаразуменні, аднак у чацвер прэзідэнты ЗША і Ірана падпісалі дакумент дыстанцыйна. У выніку планавалася, што на сустрэчы чальцы перамоўных каманд паспрабуюць распрацаваць дэталёвы план увасаблення мемарандуму ў жыццё.
Падпісаны 18 чэрвеня мемарандум з'яўляецца першым крокам да завяршэння ўзброенага канфлікту паміж дзвюма краінамі. Дакумент складаецца з 14 пунктаў.
Паводле мемарандуму, неадкладна ўступае ў сілу спыненне агню на ўсіх франтах (уключаючы Ліван, дзе Ізраіль вядзе аперацыі супраць падтрымліванай Іранам групоўкі «Хізбала», прызнанай у ЗША і Ізраілі тэрарыстычнай), а таксама адкрыццё Армузскага праліва і паступовае зняцце марской блакады Ірана. Акрамя гэтага, Вашынгтон абавязаўся фактычна прыпыніць санкцыйны рэжым для іранскай нафты ўжо цяпер, не чакаючы канчатковага пагаднення.
Іран у дакуменце пацвярджае, што «ніколі не будзе вырабляць ядзерную зброю». Бакі дамовіліся, што ўсе пытанні, звязаныя з ядзернай праграмай, у тым ліку і лёс узбагачанага ўрану, будуць разгледжаныя ў канчатковым пагадненні, якога разлічваюць дасягнуць цягам 60 дзён. Таксама цягам гэтага часу будзе распрацаваны механізм функцыянавання Армузскага праліва.