19 чэрвеня 2026, Пятніца, 11:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бабуля» ўскалыхнула чэмпіянат свету-2026

«Бабуля» ўскалыхнула чэмпіянат свету-2026
Фота: Getty Images

Герой сэнсацыі з Іспаніяй не меў грошай на візу для маці і за два дні назбіраў 13 мільёнаў падпісчыкаў.

Ад 50 тысяч да 13,3 мільёна ўсяго за некалькі дзён — вось так неверагодна хутка вырасла аўдыторыя ў Instagram у гэтага да таго не надта прыкметнага 40-гадовага галкіпера з Каба-Вердэ па мянушцы «Возінья». Две гадзіны і сем сэйваў у матчы ЧС‑2026 супраць аднаго з фаварытаў турніру — Іспаніі (0:0) — зрабілі астраўнога «Бабулю», як перакладаецца мянушка футбаліста, зоркай сусветнага маштабу. Бо далёка не кожны галівудскі акцёр можа пахваліцца такой колькасцю падпісчыкаў, а спартоўцы — тым больш.

OBOZ.UA сабраў самае цікавае пра аднаго з нечаканых герояў мундыялю ў Паўночнай Амерыцы, у якога не было грошай на візу для маці.

АРГЕНТЫНУ ЗАБАРАНІЛІ, ПАКІНУЛІ БРАЗІЛІЮ. Як і многія партугаламоўныя футбалісты, галкіпер выступае пад псеўданімам. Сапраўднае імя галкіпера — Жозімар Жозе Эвора Дыяш, яго назвалі ў гонар былога бразільскага правага абаронцы «Ботафогу» і зборнай краіны на чэмпіянаце свету 1986 года Жозімара. Але не ўсё так проста...

Спачатку бацька Возіні, захоплены футболам, хацеў зарэгістраваць хлопчыка як Вальдана — у гонар свайго аргентынскага кумира, чэмпіёна свету 1986 года Хорхе Вальдано з мадрыдскага «Рэала». Аднак супрацоўнік рэестра ў Каба-Вердэ адхіліў запыт, бо тады замежныя імёны не дазваляліся. Давялося шукаць іншыя шляхі: «Тата і дзед былі заўзятарамі Бразіліі. А майму бацьку вельмі падабалася імя Жозімар».

Гэтае імя ўмацавала яго сувязь з Бразіліяй, дзе ў «Бабулі» ёсць брат у Рэсіфі: «Мы заўсёды глядзелі шмат бразільскіх мыльных опер пасля навін. Я вельмі добра памятаю Сіку да Сілву, Мальясана і Рэй ду Гаду. Мы таксама шмат слухалі бразільскую музыку, якую лічу вельмі прыгожай і насычанай. Мне вельмі падабаўся Ражэрыа Сені, бо ён быў галкіперам, які выконваў штрафныя ўдары і пенальці. Раналду і Ранальдзінью былі маімі вялікімі кумірамі».

АДКУЛЬ УЗЯЛАСЯ «БАБУЛЯ». Мянушка «Возінья», што перакладаецца як «Бабуля», спачатку жахліва не падабалася хлопчыку. Але яна прыляпілася да яго з ранняга дзяцінства, бо будучы футбаліст ніколі не жыў з бацькамі.

«Калі я нарадзіўся, мой бацька служыў у войску, а маме заўсёды даводзілася працаваць, таму я вырас з бабуляй і дзедам. У нашым раёне іншыя хлопцы былі значна старэйшыя, я пастаянна гуляў з імі на вуліцы і атрымліваў па поўнай. Я добра гуляў і не любіў прайграваць, мяне часта білі, і я вяртаўся дадому ў лютасці. А яны смяяліся з мяне і казалі, што я пайду скардзіцца бабулі і дзеду», — успамінаў Возінья, які так і атрымаў сваю мянушку.

З «Бабуляй» галкіпер урэшце змірыўся, але цалкам прыняў яе толькі ў 26 гадоў. У 2012 годзе яму ўпершыню прапанавалі кантракт у клубе за межамі Каба-Вердэ — у ангольскім «Прагрэсу». Аднак там, па іроніі лёсу, ужо быў галкіпер з імем Жозімар. «Таму я вырашыў, што не буду пісаць на футболцы «Жозімар II». А паколькі ў Каба-Вердэ ўсе ведалі мяне як Возінью, то і застаўся пад гэтым імем», — расказваў футбаліст, які ў тым жа 2012 годзе далучыўся да зборнай Каба-Вердэ.

На жаль, два гады таму футбаліст страціў сваю легендарную бабулю, а дзеда ўжо таксама няма: «Яны мяне выхавалі. Калі б яны яшчэ былі жывыя, то вельмі ганарыліся б сваім унукам. Вось чаму гэты матч на чэмпіянаце свету так шмат для мяне значыў. Гэта тое, пра што жыхары Каба-Вердэ марылі ўсё сваё жыццё».

Хоць і бацькоў спартовец бязмежна любіць: «Тата, ты не проста чалавек, які сфармаваў мой характар, ты мой найлепшы сябра. Ты заўсёды слухаў мяне і даваў найлепшыя парады, заўсёды падтрымліваў мяне ў бітвах і трымаў мяне за руку ў паразах».

ПАБЛІЗУ З УКРАІНАЙ. Вядома, да гэтага чэмпіянату свету галкіпер не здзяйсняў нейкіх выбітных подзвігаў, таму ў яго біяграфіі фактычна няма шырока вядомых клубаў. Хаця ў рэзюмэ Возіні ёсць каманды з Кіпра, Славакіі і Партугаліі, іх ніяк нельга назваць грандамі сваіх краін. Праўда, цэлы год — з ліпеня 2015‑га па жнівень 2016‑га — герой Каба-Вердэ жыў і гуляў побач з Украінай — за малдаўскі «Зімбру».

Пасля Кішынёва галкіпер на сезон перабраўся ў партугальскі «Жыл Вісентэ», а потым надоўга накіраваўся на сонечны Кіпр, дзе ў 2019 годзе нават выйграў Кубак краіны ў складзе АЭЛ з Лімасола. Цяпер Возінья выступае за «Шавеш», які займае 9-е месца ў другім дывізіёне чэмпіянаату Партугаліі.

АДКЛАДЗЕНЫ КАНЕЦ КАР’ЕРЫ. Возінья правёў за «Сініх акул» больш за 90 матчаў, удзельнічаў у чатырох Кубках афрыканскіх нацый, але некалькі гадоў таму збіраўся завяршыць кар’еру. Маўляў, узрост ужо падціскае. Але зборная Каба-Вердэ нечакана для ўсіх пачала набіраць абароты ў адборачным турніры да ЧС‑2026, і галкіпер вырашыў застацца, мроючы пра магчымасць згуляць на першым чэмпіянаце свету.

І цуд здзейсніўся. Зборная Зялёнага Мыса гуляе на мундыялі. І не проста гуляе, а ўжо сэнсацыйна адабрала ачкі ў Іспаніі, не дазволіўшы ёй паразіць свае вароты. А Возінья яшчэ і ўстанавіў рэкорд, стаўшы самым узроставым гульцом, які дэбютаваў на чэмпіянаце свету. Дарэчы, партнёры па камандзе любяць пакпіць з галкіпера з-за яго ўзросту. Але робяць гэта ў жарт.

«Усё сваё жыццё я працаваў дзеля гэтага, дзеля гэтай хвіліны, дзеля гэтай мары. Многія пакаленні ў мінулым марылі пра гэты дзень, але яны гэтага не дасягнулі. І вось цяпер мара збываецца», — не хавае сваіх неверагодных эмоцый Возінья, якога да пачатку мундыялю ацэньвалі ўсяго ў 40 000 еўра.

«Ён жыве і дыхае Каба-Вердэ. Возінья можа здавацца строгім таварышам па камандзе на трэніроўках, але ён заўсёды сочыць за намі, каб мы не адставалі. І ён падштурхоўвае нас быць лепшымі, ён падае прыклад», — прызнаўся абаронца Каба-Вердэ і ірландскага «Шэмрок Роверс» Піка Лопес.

Натхняльны поспех Каба-Вердэ забяспечыў іх галкіпер.

У пасляматчавым інтэрв’ю Возінья прызнаўся, што маці, якая навучыла яго, што такое сапраўдная любоў, не змагла паехаць у ЗША, бо ў сям’і няма вялікіх грошай і яна не можа дазволіць сабе аплаціць візавыя зборы. Але пасля такога ажыятажу вакол галкіпера мясцовая федэрацыя ўзяла на сябе ўсе выдаткі, і жанчына нарэшце ляціць да свайго сына-героя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках