«Рамштайн»: Украіна вяртаецца з адным з найбуйнейшых пакетаў дапамогі
- 18.06.2026, 22:54
- 1,800
Што атрымае Кіеў?
На паседжанні ў фармаце «Рамштайн» было абвешчана пра новыя пакеты ваеннай дапамогі Украіне на агульную суму каля 4 мільярдаў долараў.
Пра гэта заявіў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў падчас брыфінгу.
Ён адзначыў, што многія партнёры гатовыя павялічваць аб’ёмы дапамогі, бо ўбачылі «акно магчымасцяў» пасля таго, як Украіна змагла дасягнуць вынікаў у многіх напрамках вайны.
«Сёння быў анансаваны, напэўна, адзін з самых вялікіх пакетаў дапамогі для PURL. Гэта 1 мільярд долараў. Таксама сёння быў абвешчаны пакет дапамогі на артылерыю дальняга радыюсу дзеяння, то бок на дальнюю артылерыю 30+ кіламетраў», — адзначыў міністр.
Паводле слоў Фёдарава, толькі Нідэрланды абвясцілі пра дапамогу, якая ўключае каля 700 крылатых ракет.
У той жа час канчатковая сума пакетаў яшчэ падлічваецца, таму выніковы аб’ём падтрымкі можа перавысіць 4 мільярды долараў.
«Гэта можа быць больш. Бо некаторыя краіны адкрылі праграмы, пра якія раней абвяшчалі. Мы не ўлічваем усе гэтыя ранейшыя абвяшчэнні», — сказаў ён.
Міністр абароны паведаміў, што ў Украіны ёсць тры ключавыя прыярытэты.
«Гэта — антыбалістычная праграма, праграма супрацьпаветранай абароны. Гэта — артылерыя дальняга дзеяння. І гэта нашы дроны. Дроны украінскай вытворчасці, якія сёння дапамагаюць нам стрымліваць ворага, праводзіць аперацыі Middle strike, біць па тэрыторыі ворага», — распавёў Фёдараў.
Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус заявіў, што яго краіна і далей будзе падтрымліваць Украіну.
«У цэнтры нашай увагі застаецца супрацьпаветраная абарона. Мы перадалі Украіне яшчэ адну сістэму IRIS-T. Нядаўна мы таксама паскорылі пастаўкі кіраваных ракет IRIS-T SLS і SLM. Акрамя таго, мы перададзім трохзначную колькасць ракет класа «паветра—паветра» з уласных запасаў», — падкрэсліў ён.
Пісторыус дадаў, што Берлін выдзеліць 200 млн долараў на закуп дадатковых ракет PAC-3 у межах праграмы Jumpstart.
«Гэта азначае, што мы будзем суфінансаваць першы транш паставак. Мы хочам стаць лідарамі ў гэтым працэсе і стымуляваць іншых партнёраў», — падкрэсліў ён.
Міністр абароны Германіі адзначыў, што яго краіна выдзяляе яшчэ 200 млн долараў на праграму PURL.