17 чэрвеня 2026, Серада, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пашынян публічна назваў аднаго са сваіх апанентаў «прабеларускім алігархам»

Пашынян публічна назваў аднаго са сваіх апанентаў «прабеларускім алігархам»
НІКОЛ ПАШЫНЯН
ФОТА: PRIMEMINISTER.AM

Сувязі Гагіка Царукяна з Лукашэнкам — даўнія.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян 17 чэрвеня з трыбуны парламента пагразіў лідарам апазіцыі — кіраўніку партыі «Моцная Арменія» Самвелу Карапетяну, лідару альянсу «Арменія» Роберту Кочарану і кіраўніку партыі «Працвітаючая Арменія» Гагіку Царукяну, паведамляе Армянская служба «Радыё Свабода».

Ужо не першы раз заяўляючы, што гэтыя палітыкі атрымалі больш за 500 тысяч галасоў шляхам падкупу выбарцаў, Пашынян заклікаў тых, хто не згодны з ягоным падыходам, выходзіць на вуліцу.

«Кочаран, калужскі алігарх [Самвел Карапетян] і прабеларускі алігарх [Гагік Царукян] павінны быць знішчаныя ў іхнім жа логаве. Пакуль я з’яўляюся прэм’ер-міністрам, я буду знішчаць іх адрасна, я знішчу іх адрасна! Тых грамадзян, якія не згодныя з гэтай лініяй, я заклікаю здзейсніць рэвалюцыю ў Арменіі і змяніць урад. Як я і казаў у 24‑м годзе, што Карабахскі рух не будзе працягнуты, — хто не згодны, заклікаю выходзіць на вуліцу. Спыніць гэты працэс іншымі сродкамі немагчыма», — заявіў Пашынян.

Заявы Пашыняна прагучалі на фоне працяглага супрацьстаяння паміж уладамі і апазіцыяй, якое абвастрылася пасля падзей вакол Нагорнага Карабаха і спрэчак адносна будучага развіцця армянскай дзяржавы. Апазіцыйныя сілы рэгулярна крытыкуюць урад за яго палітыку ў сферы бяспекі і знешніх зносінаў, а прадстаўнікі ўлады абвінавачваюць апанентаў у карупцыі і выкарыстанні старых алігархічных схем уплыву.

Нядаўна ў Арменіі адбыліся парламенцкія выбары, на якіх упэўненую перамогу атрымала партыя Пашыняна «Грамадзянскі дагавор», што атрымала ў новым парламенце больш за 60% галасоў. Палітычная сіла названага «прабеларускім алігархам» Гагіка Царукяна зусім нязначна не пераадолела выбарчы бар’ер і не трапіла ў парламент.

Сувязі Гагіка Царукяна з Аляксандрам Лукашэнкам — даўнія і публічныя. У траўні 2026 года бізнесмен сказаў: «Лукашэнка — мой сябра, родны мне чалавек». Пасольства Беларусі ў Арменіі знаходзіцца не ў сталіцы, а ў вёсцы Арындж побач з маёнткам Царукяна. Бізнесмен валодае доляй у беларуска-армянскім каньячным прадпрыемстве, а ў студзені 2024 года да яго прыязджаўВіктар Лукашэнка.

Адзін з падарункаў Царукяна непасрэдна звязаны з сынам беларускага дыктатара. Падчас афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Ерэван у 2010 годзе бізнесмен падарыў яго сям’і 400‑літровую бочку каньяку «Арарат». Яе захоўваюць у падвалах Ерэванскага каньячнага завода і, паводле паведамленняў, плануюць адкаркаваць у дзень вяселля Колі Лукашэнкі, якое пакуль не адбылося.

10 чэрвеня, праз тры дні пасля выбараў, супраць Царукяна завялі крымінальную справу па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і забаранілі яму выязджаць з краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках