Пачобут: У верасні я вярнуся ў Беларусь
4- 10.06.2026, 17:51
- 1,780
Фота: Tomasz Siemoniak/X
Журналіст расказаў, чаму лічыць важным сваё вяртанне для Саюза палякаў у Беларусі.
Вызвалены ў красавіку журналіст і прадстаўнік польскай меншасці Анджэй Пачобут заявіў, што мае намер вярнуцца ў Беларусь ужо ў верасні — да з’езда Саюза палякаў у Беларусі. Пра гэта ён сказаў 10 чэрвеня на сустрэчы, арганізаванай польскай арганізацыяй Wspólnota Polska, паведамляе выданне Niedziela.
Па словах Анджэя Пачобута, рашэнне пра выезд з Беларусі ён прымаў толькі пасля таго, як атрымаў гарантыі магчымасці вярнуцца назад.
«У верасні, перад з’ездам Саюза палякаў, я вярнуся ў Беларусь. Гэта можна ацэньваць па-рознаму, па-рознаму можа склацца сітуацыя, але я наладжаны аптымістычна. Я б не згадзіўся на выезд, калі б не атрымаў пашпарт і запэўненні, што змагу вярнуцца ў Беларусь», — заявіў ён.
Пачобут падкрэсліў, што хоча вярнуцца дадому ў Гродна.
«Я хацеў бы вярнуцца дадому. У Гродне мой дом», — сказаў ён.
Падчас сустрэчы журналіст таксама падзякаваў палякам і беларусам, якія ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці, пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні. Паводле яго слоў, падтрымка дапамагала яму перажыць гады ў калоніі і разумець, што пра яго не забыліся.
Пра намер вярнуцца ў Беларусь Пачобут гаворыць практычна з першых дзён пасля вызвалення. У маі ў інтэрв’ю YouTube-каналу Kanał Zero ён заявіў, што лічыць сваю прысутнасць у краіне важнай не толькі для сябе асабіста, але і для польскай меншасці Беларусі.
«Гаворка ідзе не толькі пра мяне. Гаворка пра Саюз палякаў, пра палякаў, пра польскую меншасць у Беларусі. Я там патрэбны», — казаў ён.
Паводле слоў Пачобута, Саюз палякаў аказаўся адной з нямногіх незалежных арганізацый, якім удалося захавацца ў Беларусі пасля рэпрэсій апошніх гадоў, бо яго кіраўніцтва адмовілася пакідаць краіну нават пад пагрозай крымінальнага пераследу.
Журналіст таксама падкрэсліваў, што яго вядомасць забяспечвае пэўную абарону і дазваляе прыцягваць увагу да лёсу іншых прадстаўнікоў польскай меншасці. «Пакуль я знаходжуся ў Беларусі — не важна, дзе я: у турме ці не ў турме, — я ў стане абараняць Саюз палякаў», — казаў ён.