У Беларусі ўстанавілі ліміты на льготны ўвоз электрамабіляў
- 7.05.2026, 17:19
- 1,030
Нормы для юрыдычных і фізічных асоб адрозніваюцца больш чым у два разы.
Тарыфную квоту ўвозу аўтамабіляў з электрарухавікамі на 2026-ы год размеркавалі ў беларускім урадзе.
Як паведамляе прэс-служба Савміна, юрыдычным асобам за гэты год па льготных нормах можна будзе ўвезці не больш за 13,8 тыс. адзінак транспартных сродкаў з такім тыпам рухавіка. Ліміты для фізічных асоб куды сціплейшыя — 6,2 тыс. «электрамабіляў».
Паводле інфармацыі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА), імпарт гібрыдных аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі з студзеня – лютага 2025-га па студзень – люты 2026-га абрынуўся ў 51 раз.
Ёсць некалькі прычын такога падзення. Па-першае, на ўвоз гібрыдаў паўплываў рост ставак утылізацыйнага збору для дылераў. Па-другое, пры імпарце такіх машын у краіну цяпер трэба плаціць мытную пошліну — 15% ад кошту аўто. Па-трэцяе, з 1 студзеня 2026 года скасавана льготная стаўка ПДВ (0%), што дзейнічала для паслядоўных гібрыдаў. Па-чацвёртае, для імпарцёраў дзейнічае жорсткі ліміт на ўвоз аўто аднаго тыпу без ОТТС — не больш за 150 адзінак у год.
У БАА звярнулі ўвагу, што яшчэ некалькі гадоў таму ў структуры імпарту «зялёных» аўто дамінавалі гібрыды, аднак у 2025 годзе іх частка скарацілася да 36%. А ў студзені – лютым 2026-га гібрыдаў стала яшчэ менш — 22%.
Усяго за першыя два месяцы года ў краіну ўвезлі каля 1100 гібрыдных машын. Аднак на дылераў прыпала ўсяго 25 аўтамабіляў — то бок 2% ад агульнага імпарту. Пры гэтым увоз фізічнымі асобамі, для якіх амаль нічога не змянілася, вырас у 8,5 раза.