ДАІ запускае кантроль за самакатамі
12- 6.05.2026, 17:44
- 3,036
Хуткасць пачалі вымяраць радарамі — парушальнікам пагражаюць штрафы.
ДАІ пачала вымяраць хуткасць сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ) у месцах, дзе яны часцей за ўсё сутыкаюцца з пешаходамі і веласіпедыстамі. Аб гэтым расійскаму СМІ паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Віктар Ротчанкаў.
Для вымярэння хуткасці выкарыстоўваецца тэхнічны комплекс «Скат-ПП», які вырабляюць у Расіі.
«Дадзены комплекс фіксуе перавышэнне хуткасці руху гэтымі ўдзельнікамі дарожнага руху і перадае інфармацыю супрацоўнікам ДАІ», — патлумачыў Ротчанкаў.
Інспектар атрымлівае інфармацыю на планшэт, каб можна было спыніць парушальніка і прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула 18.20 КаАП. Штраф можа складаць ад адной да трох базавых велічынь (45–135 рублёў), а пры пэўных абставінах і больш.
Таксама начальнік ДАІ нагадаў, што з 1 верасня мінулага года разганяцца на СПМ у горадзе хутчэй за 10 км/г нельга. Выключэнне — веладарожкі.
«Абмежаванні былі ўведзены на падставе аналізу здарэнняў, якія адбываліся на вулічна-дарожнай сетцы», — патлумачыў ён.
Толькі ў Мінску за 2025 год было прыблізна 500 здарэнняў, калі СПМ сутыкаліся з пешаходамі або з веласіпедыстамі.