Французскім студэнтам забяспечылі абеды па €1
- 4.05.2026, 20:54
Даўно гэтага дамагаліся студэнцкія прафсаюзы.
Усе французскія студэнты атрымалі магчымасць харчавацца ў універсітэцкіх сталовых па €1, паведамляе France Info
Дагэтуль такая льготная цана камплекснага абеду была даступная толькі тым, хто атрымлівае дзяржаўную стыпендыю, астатнія плацілі па €3,30. Цяпер жа па €1 паесці зможа любы студэнт. Даўно гэтага дамагаліся студэнцкія прафсаюзы, а ўрад у студзені ўхваліў адпаведны артыкул бюджэту.
Рост наведвальнасці сталовых, паводле ацэнак арганізацыі Cnous, якая кіруе студэнцкімі сацыяльнымі службамі, складзе 12,5%.
Урад ужо вылучыў €50 млн на рэалізацыю меры, з якіх €35 млн пойдуць на кампенсацыю страты даходаў сталовых у выніку зніжэння цэн, а астатняя частка — на падрыхтоўку памяшканняў для прыёму большай колькасці студэнтаў.