Еўрапейская разведка: Шайгу можа рыхтаваць дзяржаўны пераварот у РФ
22- 4.05.2026, 13:15
- 12,946
Пуцін баіцца замаху.
Былы міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу «асацыюецца з рызыкай спробы дзяржаўнага перавароту, паколькі захоўвае значны ўплыў у вышэйшым вайсковым камандаванні». Пра гэта гаворыцца ў дакладзе разведкі нянаназванай еўрапейскай краіны. Дакумент быў перададзены ў рэдакцыі некалькіх СМІ. Сярод іх амерыканскі тэлеканал CNN, выданне Financial Times і расійскія «Важныя гісторыі».
У дакладзе сцвярджаецца, што з пачатку сакавіка 2026 года Крэмль і Уладзімір Пуцін занепакоеныя ўцечкай адчувальнай інфармацыі, а таксама рызыкай змовы або спробы дзяржаўнага перавароту супраць прэзідэнта Расіі. У прыватнасці, ён баіцца выкарыстання беспілотнікаў для магчымага замаху з боку прадстаўнікоў расійскай палітычнай эліты.
Аўтары дакладу заявілі, што былы міністр абароны Расіі, цяперашні сакратар Савета бяспекі РФ Сяргей Шайгу захаваў «значны ўплыў у вайсковым камандаванні» і «асацыюецца з рызыкай спробы дзяржаўнага перавароту».
У дакладзе няма доказаў у падтрымку абвінавачанняў супраць Шайгу, якога раней лічылі вельмі блізкім да Пуціна. Улічваючы, што публікацыя дакумента можа быць накіраваная на дэстабілізацыю Крамля, прыкметна, што еўрапейская разведка адначасова фактычна папярэджвае Крэмль пра магчымы дзяржаўны пераварот, на гэта звярнуў увагу тэлеканал CNN.
З-за пагрозы Крэмль узмацніў меры асабістай бяспекі вакол Пуціна, усталяваўшы сістэмы назірання ў дамах найбліжэйшых супрацоўнікаў. Тыя, хто наведвае прэзідэнта Расіі, павінны праходзіць падвойную праверку, а супрацоўнікі з найбліжэйшага атачэння могуць карыстацца толькі тэлефонамі без доступу ў інтэрнэт.
Акрамя таго, Федэральная служба аховы (ФСО) істотна скараціла спіс месцаў, якія рэгулярна наведвае Пуцін, ён таксама «часта хаваецца ў мадэрнізаваных бункерах», дзе «можа працаваць тыднямі, тады як расійскія СМІ працягваюць выкарыстоўваць загадзя падрыхтаваныя відэаматэрыялы».
Таксама ў дакладзе адзначаецца, што ў асобных раёнах Масквы перыядычна адключаюцца камунікацыйныя сеткі, а супрацоўнікі ФСО праводзяць маштабныя праверкі з выкарыстаннем кіналагічных падраздзяленняў і размяшчаюцца ўздоўж Масквы-ракі, каб аператыўна рэагаваць на магчымыя атакі беспілотнікаў.
Інфармацыя пра ўзмацненне мер бяспекі вакол Пуціна з’явілася праз некалькі дзён пасля таго, як Крэмль абвясціў пра змяненне фармату параду 9 траўня, адмяніўшы дэманстрацыю ваеннай тэхнікі, піша «Агенцтва».