Беларуска па дарозе на дачу сустрэла мядзведзіцу з мядзведзянятамі
3- 31.05.2026, 9:54
- 2,794
«Калі стала на заднія лапы, было не па сабе»
Карыстальніца Threads Настя Свирид апублікавала відэа сустрэчы з мядзведзіцай і мядзведзянятамі. Як сцвярджае беларуска, жывёл яна ўбачыла з аўтамабіля па дарозе на дачу ў Віцебскім раёне, піша «Зеркало».
Мядзведзіцу з трыма мядзведзянятамі кіроўца сустрэла каля вёскі Сущево пад Віцебскам. Паводле яе слоў, самка «зусім маладая, але, калі стала на заднія лапы, было не па сабе». У выніку жанчына развернулася і «нават фары выключыла, каб не раздражняць маці».
Сям'я мядзведзяў сустрэлася беларусцы на дарозе, «дзе ходзяць дачнікі ад аўтобуса ў вёску».
Пост з відэа набраў амаль 30 тысяч праглядаў за некалькі гадзін. Сярод папулярных каментарыяў — такія:
«Дык гэта цяпер яшчэ і «Срущево» атрымліваецца?»
«Толькі б іх не пачалі падкормліваць ля дарогі, і каб яны не аблюбавалі звалку каля вёскі. Маці ж яшчэ зусім маладая, і цэлых тры дзеці, хай іх Бог захоўвае».
«Такія мілыя, калі яны не каля цябе».
«Тыдні два таму нам такая махіна дарогу перабегла ў раёне могілак Копці (вёска на поўдзень ад Віцебска, Сущево — на поўнач. — Заўв. рэд.). Бегаюць яны хутка. Аказваецца, і машыны іх не пужаюць».
«У мяне дача пад Лепелем, 30 км ад яго. Таксама неяк ехалі — мядзведзяня сядзела на краі абочыны. Слава Богу, маці побач не было… Заб'е ж…»
Нагадаем, паводле даных Мінпрыроды, за мінулы год колькасць бурага мядзведзя ў Беларусі вырасла больш як на 200 асобін і наблізілася да 1300 жывёл. У сувязі з гэтым з мінулага года ў асобных раёнах краіны дазволена паляванне на мядзведзя для рэгулявання колькасці. Пры гэтым від па-ранейшаму застаецца ў Чырвонай кнізе.