Навошта Макрон тэлефанаваў Лукашэнку?
- Валерый Карбалевіч
- 25.05.2026, 14:32
- 2,244
Пытанне ў тым, якія высновы зробіць дыктатар з гэтай падзеі.
У нядзелю, 24 мая, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Падзея нечаканая і незвычайная. Бо пасля 2020 года заходнія лідары вельмі рэдка размаўляюць з Лукашэнкам. У 2021 годзе яму тэлефанавала Ангела Меркель, праз год — той жа Эманюэль Макрон, а летась — Дональд Трамп.
Паколькі краіны Еўрасаюза не прызнаюць Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі і ўстрымліваюцца ад кантактаў з ім, для афіцыйнага Мінска надзвычай важныя камунікацыі на высокім узроўні. Каб прымусіць Літву весці перамовы на ўзроўні міністра замежных спраў або хаця б яго намесніка, Мінск жорстка цісне на літоўскі бок (паветраныя шары, мігранты і інш.). Улады Беларусі настойліва намякалі Варшаве, што яны былі гатовыя вызваліць Анджэя Пачобута ў абмен на візіт у беларускую сталіцу міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.
На такім фоне званок Макрона выглядае амаль сенсацыяй.
Тут варта звярнуць увагу на асобу Эманюэля Макрона. Прэзідэнт Францыі спрабуе ўзяць на сябе ролю галоўнай фігуры еўрапейскай палітыкі. Ён імкнецца гаварыць ад імя Еўропы. Гэта роля ўзрастае падчас вострага міжнароднага крызісу.
І тут дарэчы правесці паралелі з падзеямі чатырохгадовай даўніны, калі Макрон двойчы тэлефанаваў Лукашэнку: 20 лютага 2022 года (перад расійскім уварваннем ва Украіну) і 26 лютага (на трэці дзень вайны). У тыя дні на Захадзе існавала сур'ёзная трывога, што Лукашэнка пад ціскам Крамля прыме рашэнне аб непасрэдным уступленні беларускай арміі ў вайну і адкрытым уварванні ва Украіну разам з расійскімі сіламі. І званок прэзідэнта Францыі ў Мінск быў жорсткім папярэджаннем пра негатыўныя наступствы для Беларусі ў выпадку такога развіцця падзей.
І вось цяпер зноў Макрон выступае як крызісны менеджар. Гэтым разам яго званок выкліканы крызісам у беларуска-ўкраінскіх адносінах. Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе ён стаў поспехам дыпламатыі Украіны.
Вось ужо месяц, як афіцыйны Кіеў вядзе палітычную, дыпламатычную, псіхалагічную атаку супраць рэжыму Лукашэнкі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і іншыя ўкраінскія службовыя асобы ледзь не штодня кажуць, што, маўляў, Расія ўцягвае Беларусь у вайну, што рыхтуецца напад з беларускай тэрыторыі. Пры гэтым Кіеў апелюе да Захаду, заклікае яго аказаць ціск на Мінск.
Аднак дагэтуль гэтыя меры не мелі асаблівага выніку, бо не было нейкіх новых фактаў удзелу Беларусі ў вайне або дадатковых пагроз з яе боку ў адрас Еўропы. Аднак апошнім часам такія факты з'явіліся. Гэта сумесныя беларуска-расійскія вучэнні па прымяненні ядзернай зброі. Потым адбыўся адзін з самых маштабных абстрэлаў Украіны дронамі і ракетамі, у тым ліку «Арэшнікам». Нагадаю, Лукашэнка хваліцца тым, што гэты ракетны комплекс размешчаны на тэрыторыі Беларусі.
Перад званком у Мінск Эманюэль Макрон правёў размову з Уладзімірам Зяленскім. Падобна, прэзідэнт Украіны пераканаў суразмоўцу ў рэальнасці пагрозы з боку Беларусі. І той далучыўся да ўкраінскага ціску на Лукашэнку.
Інфармацыйнае агенцтва AFP, спасылаючыся на крыніцу ў асяроддзі Эманюэля Макрона, раскрыла змест цяперашняй тэлефоннай размовы паміж Парыжам і Мінскам. Прэзідэнт Францыі папярэдзіў Лукашэнку ад любых спроб уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны на баку РФ, падкрэсліў рызыкі для Беларусі ў такім выпадку. Французскія крыніцы адзначаюць вельмі сур'ёзны і напружаны характар размовы. Магчыма, з гэтай прычыны беларускія дзяржаўныя медыя пакуль не разгортваюць поўнацэнную прапагандысцкую кампанію вакол гэтага званка.
Пытанне ў тым, якія высновы зробіць Лукашэнка з гэтай падзеі. Напрыклад, ён можа прыйсці да думкі, што еўрапейскія палітыкі размаўляюць з ім толькі тады, калі ягоны рэжым стварае сур'ёзную праблему бяспекі для суседзяў. Меркель тэлефанавала яму ў 2021 годзе на піку міграцыйнага крызісу. Макрон і ў 2022 годзе, і цяпер звяртаецца да Мінска ў момант абвастрэння ваеннага крызісу. То бок у Еўропе Лукашэнку адзначаюць тады, калі ён стварае вялікую праблему.
Але галоўнае пытанне ў іншай плоскасці: ці засталіся ў Лукашэнкі свабода выбару і поле для манеўру?
Валерый Карбалевіч, «Радыё Свабода»