За экс-кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Ермака ўнеслі заклад у $3,18 млн
10- 18.05.2026, 10:48
- 3,934
Ён выйдзе з СІЗА.
За былога кіраўніка Офіса Прэзідэнта Украіны Андрэя Ермака да раніцы 18 мая ўнеслі поўную суму закладу — 140 мільёнаў грыўняў (каля 3,18 млн даляраў). Пра гэта «Суспільнаму» паведаміў ягоны адвакат Ігар Фамін, інфармацыю таксама пацвердзілі ў прэс-службе Вышэйшага антыкарупцыйнага суда.
Цяпер Ермак зможа выйсці са следчага ізалятара, дзе правёў чатыры ночы. Як удакладнялася раней, пасля ўнясення закладу на яго надзенуць электронны бранзалет, яму забароняць пакідаць Кіеў, а таксама яго абавязваюць здаць замежныя і дыпламатычныя пашпарты і абмяжуюць яго кантакты з фігурантамі справы і сведкамі.
14 мая Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны абраў для Андрэя Ермака меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з магчымасцю ўнясення закладу ў памеры 140 млн грыўняў (3,18 млн даляраў).
Сам Ермак заяўляў, што не мае такой сумы і разлічвае на дапамогу сяброў і знаёмых.
Раней НАБУ і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура 11 мая паведамілі пра падазрэнне былому кіраўніку Офіса Прэзідэнта. Паводле версіі следства, ідзе пра арганізаваную групу, датычную да легалізацыі каля 460 млн грыўняў пры будаўніцтве элітнага жылога комплексу «Дынастыя» пад Кіевам у вёсцы Козін, дзе планаваліся чатыры рэзідэнцыі плошчай прыкладна па 1000 кв. метраў кожная.
Ермаку інкрымінуюць легалізацыю маёмасці, атрыманай злачынным шляхам (ч. 3 арт. 209 КК Украіны), што прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі.