Атака на Маскву: ключ да заканчэння вайны
11- Аляксей Копыцько, УНІАН
- 17.05.2026, 21:26
- 22,168
Панічныя рэакцыі масквічоў не сустрэлі эмпатыі з боку іншых расіян.
У Маскве і Маскоўскай вобласці ў ноч на 17 мая было непакойна. На гэты раз беспілотнікі наведалі завод мікраэлектронікі «Ангстрем» і аб’ект «Транснафты» ў Зялёнаградзе (Масква, па-за межамі МКАД), наліўную станцыю «Солнечногорская» (в. Дурыкіна, Падмаскоўе), якая захоўвае і транспартуе нафтапрадукты, МКБ «Радуга», якое распрацоўвае крылатыя ракеты і іншае ракетнае ўзбраенне (населены пункт Дубна, Падмаскоўе), адзін з найбуйнейшых аэрапортаў РФ — Шарамеццева... Аднак панічныя рэакцыі масквічоў не сустрэлі эмпатыі з боку іншых расіян.
І пакуль вынікі ранішняй пабудкі ў Маскве і Маскоўскай вобласці назапашваюцца, паглядзім на першапрычыны таго, што адбылося.
7 мая «Левада-цэнтр» апублікаваў матэрыял: «Канфлікт з Украінай у красавіку 2026 года: увага, падтрымка расійскіх узброеных сіл, меркаванне аб неабходнасці перамоў», у якім прадставіў дазволеныя лічбы па згаданай тэме. Дык вось. Найбольш падтрымліваюць дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне:
• Масква — 75% (адназначна «так» — 42%, хутчэй «так» — 33%);
• Асобы 55 гадоў і старэй — 77% (48 + 29);
• Асобы, што атрымліваюць інфармацыю з тэлевізара, — 77% (45+32).
У сярэднім па РФ: 69% (38+31).
Найбольш падтрымліваюць працяг вайны (!), а не перамовы:
• Масква — 54% (адназначна — за вайну — 33%, хутчэй — за вайну — 21%);
• Асобы 55 гадоў і старэй — 36% (24 + 12);
• Асобы, што атрымліваюць інфармацыю з тэлевізара, — 35% (23+12).
У сярэднім па РФ: 28% (18+10).
То-бок узровень безагаворачнай падтрымкі працягу вайны ў Маскве — амаль у два разы вышэйшы, чым у сярэднім па РФ.
Апусцім цяпер той факт, што пад «перамовамі» дарагія расіяне ў масе маюць на ўвазе выкананне іхніх жаданняў. Факт у тым, што дарагія масквічы (якія не ваююць) у два разы больш прагнуць чыіхсьці смерцяў без усякіх умоў. Пры гэтым, дарагія масквічы, фактычна радасна адпраўляюць на смерць не толькі ўкраінцаў, але і сваіх суайчыннікаў, якіх гіне і калечыцца ў разы больш.
Таму гэтыя лічбы тлумачаць, чаму ўсхліпы масквічоў: «За што? Ды як жа так?» высмейваюць не толькі ва Украіне, не толькі ва ўсіх сумежных краінах, але і ў расійскіх рэгіёнах.
Цяпер, дарагія масквічы, вы ўбачылі і пачулі краёчак вайны. Прама з акна, не праз тэлевізар.
Рэакцыя — прадказальна розная. Хтосьці яшчэ мацней згуртуецца вакол тушкі Пуціна. Але відавочна будзе і іншая рэакцыя...
Па сутнасці, тыя, хто прыняў рашэнне публікаваць вышэйназваныя лічбы (папулярнае меркаванне, што менавіта гэтыя апытанні мадэруе ФСБ), паказваюць усяму свету і перадусім самой Расіі, дзе знаходзіцца ключ да заканчэння вайны.
Аляксей Копыцько, УНІАН