Беларускія запраўкі «узбунтаваліся» супраць Лукашэнкі
6- 10.05.2026, 19:22
- 15,602
АЗС выступілі супраць рэгулявання цэн у сваіх крамах.
Сеткі аўтазаправачных станцый Беларусі звярнуліся ў МАРТ з просьбай адмяніць для іх цэнавае рэгуляванне. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства, піша «Точка».
Міністэрства сабрала прадстаўнікоў адразу некалькіх сетак АЗС.
У выніку ў ведамстве прынялі канчатковае рашэнне.
Ці будуць рэгуляваць цэны на запраўках
У Беларусі дзейнічае пастанова Савміна №713, якая абмяжоўвае цэны на шэраг прадуктаў.
Аднак прадстаўнікі АЗС папрасілі адмяніць рэгуляванне для рознічных гандлёвых аб'ектаў пры аўтазаправачных станцыях. За гэта выступілі прадстаўнікі канцэрна «Белнефтехим», група кампаній «А-100 АЗС», ИООО «Газпромнефть-Белнефтепродукт», ИООО «ЛУКОЙЛ Белоруссия», ИООО «Татбелнефтепродукт».
«Па выніках абмеркаванняў, аналізу пазіцый дзяржаўных органаў, якія паступалі ў МАРТ, і ацэнкі магчымaга ўплыву на спажыўцоў, прапанову не падтрымала большасць удзельнікаў рабочай сустрэчы», – заявілі ў ведамстве.
Такім чынам яе адхілілі, і цэны ў крамах на запраўках працягнуць рэгуляваць.
Аднак у міністэрстве запэўнілі: дзеючую сістэму будуць удасканальваць.
Рэгуляванне цэн у Беларусі
Аляксандр Лукашэнка «забараніў» рост цэн у Беларусі 6 кастрычніка 2022 года. Тады ён назваў кошт тавараў у краіне і без таго празмерна высокім. Падымаць цэннік дазвалялася толькі з дазволу дзяржаўных органаў.
Ужо 19 кастрычніка таго ж года была падпісана пастанова Савміна аб новай сістэме рэгулявання цэн. Дакумент закрануў як беларускую, так і імпартную прадукцыю. З пераліку тавараў, што падпадалі пад рэгуляванне, прыбралі некаторыя пазіцыі. Напрыклад, прадметы раскошы і кветкі.
У лютым 2023 года пастанову скарэктавалі. Так, з'явілася больш магчымасцей для змянення цэн без узгаднення з дзяржаўнымі органамі.
Пазней з абмежавальнага пераліку неаднаразова прыбіралі многія таварныя пазіцыі. Былі змены і па надбаўках да кошту шэрагу харчовых прадуктаў.
Напрыклад, у красавіку 2025-га прынялі пастанову №713-6. У ёй значна скарацілі пералік рэгуляваных тавараў — на 120 пазіцый — да 211 таварных груп.
Акрамя таго, былі падрыхтаваны асобныя паслабленні для вытворцаў: у некаторых выпадках яны маглі самастойна павышаць адпускныя цэны і не звяртацца па дазвол у спецыяльную камісію.
У МАРТ адзначалі: пасля гэтага пакупнікі заўважылі, што мясная і малочная прадукцыя і пэўныя кандытарскія вырабы падаражэлі. Пазней давялося зноў узмацніць меры ў дачыненні да гэтых катэгорый тавараў: вытворца зноў павінен узгадняць змяненне кошту.