1 траўня 2026, Пятніца, 21:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзіцяці можна гэтым наесціся?»: мінчанка абурылася школьным абедам дачкі

2
«Дзіцяці можна гэтым наесціся?»: мінчанка абурылася школьным абедам дачкі
Ілюстрацыйнае фота

Ролік сабраў сотні каментарыяў.

Дачка Вольгі вучыцца ў 5-м класе адной з мінскіх школ. Нядаўна дзяўчынка прынесла дадому рэшткі абеду, які ім далі ў навучальнай установе. Гэта была тартылія з начынкай. Маці паказала страву ў TikTok і задалася пытаннем: «Дзіцяці гэтым можна наесціся?» Сотні людзей вырашылі выказацца — многія з прэтэнзіяй да самой Вольгі, піша «Зеркало».

Вольга не называе нумар школы дачкі, але, зважаючы на яе адказы пад пастом, гаворка ідзе пра навучальную ўстанову Кастрычніцкага раёна Мінска.

У той дзень школьнікам давалі дзве тартыліі і чай. Зыходзячы з меню, якое апублікавала мінчанка, вага адной такой тартыліі — 80 грамаў.

— Вельмі сухая. Проста пусты лаваш, — разгортваючы тартылію, кажа Вольга і пытаецца: — Дзіцяці можна гэтым наесціся?

Жанчына адзначае, што начынка зробленая з сыру і каўбасы, «проста яе амаль няма, толькі ў цэнтры памазана».

— На смак, у прынцыпе, нядрэнна, — пробуе абед дачкі мінчанка. — Але, па мне, нібы ясі проста сухі лаваш.

У абмеркаваннях карыстальнікі ўдакладнялі, як доўга дачка трымала тартылію ў ранцы. Мінчанка адказала — гадзіну. Таксама цікавіліся, колькі сям'я плаціць у месяц за харчаванне.

— 100 рублёў, — напісала Вольга.

За два дні ролік паглядзелі больш за 210 тысяч разоў. Пад ім больш за 500 каментарыяў. У іх нямала карыстальнікаў папракнулі Вольгу. Вось іх меркаванні:

«Вы мусілі звярнуцца да дырэктара. І атрымаць адказ, а потым абурацца!»

«Аднясіце туды, дзе далі. Не накаляйце абстаноўку, жывіце, самае галоўнае, у цішыні, а астатняе — лухта. Тэлефон для таго, каб тэлефанаваць, а не збіраць плёткі».

«У школе гэта трэба агучыць — у загадчыцы сталовай, завгаса, дырэктара, а не ў TikTok».

«Цікава, чым вы дома корміце сваё дзіця?».

«А вы хочаце, каб у школьным харчаванні давалі марцыпаны, перапёлак, труфелі ў соусе? Пераводзьце ў платную школу. Пагаджуся толькі ў тым, што ў ежы няма аніякіх спецый, і [смак] залежыць ад повара. Школа і шэф-павар меню не складаюць, а бухгалтэрыя КШП (Камбінат школьнага харчавання. — Заўв. рэд.)».

«Вельмі дзіўна. Гэтая лепёшка купленая ў буфеце і праляжала ў сумцы некалькі дзён. У мінскіх школах кормяць добра».

«Чаму б не высветліць гэта, прыйшоўшы ў школу? Абавязкова трэба ў TikTok выкласці?! Мэта гэтага відэа незразумелая… Як заўсёды, патрэбныя лайкі — адказ прост».

«А вы не разглядаеце варыянт, што ваша дзіця з'ела палову начынкі? Я тэхнолаг ГХ (грамадскага харчавання. — Заўв. рэд.), ведаючы, які кантроль у нас у школьных сталоўках, на 100% упэўнена, што ні адна загадчыца сябе так падстаўляць не будзе, у нас усюды распрацаваныя добрыя рэцэптуры, рэгулярна маніторыцца, як дзеці гэта ўсё ядуць, колькі выкідваецца і гэтак далей».

Нямала бацькоў пахваліліся, што іх дзяцей у школах кормяць добра:

«Не ведаю, у нас у школе ўсё нармальна [кормяць], і вельмі шмат начынкі».

«Мая дачка сказала, што вельмі смачныя лепёшкі».

«Лаваш мае ўласцівасць быць сухім, калі яго трымаюць адкрытым, як вы. А дзецям, упэўнена, давалі цёплы. Так, начынкі мала, але сыр і каўбаса ўнутры ёсць. Дзецям такое падабаецца, адзін лаваш ваша дзіця з'ела — значыць, спадабалася».

«Маё дзіця вучыцца ў чацвёртым класе сярэдняй школы Мінска. Заўсёды кажа, што кормяць, як у рэстаране. Дзецям вельмі падабаецца новае меню».

Адна з мам нават выклала тартыліі, якія ў адзін з дзён давалі яе дзіцяці ў школе.

Знайшліся і тыя, хто падтрымаў Вольгу:

«Мой сын такую ж прынёс дадому паказаць. Ён не еў гэты сухар (інакш не назавеш)».

«У нас таксама гэты абед, і таксама мала начынкі».

«Мой сын кожны раз кажа, што дарэмна плачу за ежу ў школе, бо нясмачна і [ён] практычна нічога там не есць. Я, дарэчы, аднойчы прыйшла на сустрэчу з настаўнікам і зайшла ў сталовую паабедаць. Усё выглядала смачна, па факце — нясмачна».

«Бацькі плацяць грошы — маюць права агучыць [праблему]».

У каментарыях Вольга таксама напісала, што Камбінат школьнага харчавання ўжо ў курсе сітуацыі.

— З КШП ужо ўсё вырашылі, — адзначыла яна і патлумачыла, што ролік выкладвала не дзеля лайкаў. — Не патрэбныя мне лайкі, вырашыла падзяліцца з людзьмі, не заўсёды так [кормяць], а тут мяне проста абурыла. Бывае смачна, і нават вельмі. А бывае і халоднае, нясмачнае, сырое…

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках