Беларускі урач расказаў, як часта трэба наведваць афтальмолага
2- 1.05.2026, 16:53
- 1,396
Ён даў некалькі карысных парадаў.
Галоўны урач 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Віктар Ісачкін патлумачыў, як часта трэба наведваць афтальмолага, паведамляе праўладны тэлеканал «Беларусь 1».
Урач расказаў, што першы агляд у афтальмолага чалавек праходзіць праз адзін месяц пасля нараджэння.
— Калі дзіця нарадзілася, афтальмолаг павінен агледзець яго праз месяц для выключэння прыроджанай паталогіі: катаракта, глаўкома, захворванні сеткаўкі, — растлумачыў спецыяліст.
Потым дзіця аглядаюць у адзін год, каб паглядзець рэфракцыю і высветліць, ці няма блізарукасці або дальназоркасці. Трэці раз афтальмолагі аглядаюць дзяцей перад дзіцячым садам у тры гады, а затым — у шэсць гадоў перад школай.
— У школе — штогадовыя агляды, каб не прапусціць школьную блізарукасць, — удакладніў доктар Ісачкін.
Што да аглядаў дарослых людзей, дык, калі нічога не турбуе, дастаткова наведваць афтальмолага двойчы на год да 40 гадоў. Пасля 40 гадоў пажадана раз на год праходзіць агляд у афтальмолага і вымяраць унутрывачны ціск. Аднак, калі ў блізкіх сваякоў была глаўкома або катаракта, сачыць за вачыма трэба пачаць з 35 гадоў.
— Чым раней мы дыягнастуем захворванне, зразумеем праблему, тым прасцей будзе з ёй справіцца, — канстатаваў галоўны урач 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска.