Расія прапануе падсанкцыйны газ з вялізнай зніжкай
- 9.04.2026, 12:32
- 1,392
Пасрэднікі спрабуюць схаваць яго паходжанне і абысці санкцыі.
Расія вырашыла скарыстацца сусветным энергетычным крызісам, каб пашырыць сваю кліенцкую базу і прадаваць звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) з заводаў «Арктык СПГ – 2» і «Портовая», якія знаходзяцца пад санкцыямі, не толькі Кітаю. Малавядомыя пасярэдніцкія кампаніі з Расіі і Кітая пачалі прапаноўваць ЗПГ краінам Паўднёва-Усходняй Азіі, якія больш за ўсіх пацярпелі ад спынення паставак з Персідскага заліва, расказалі Bloomberg людзі, знаёмыя з гэтай дзейнасцю.
Па іх словах, пасярэднікі сцвярджаюць, што могуць аформіць дакументы такім чынам, каб здавалася, нібыта ЗПГ паступіў не з Расіі, а ад іншых пастаўшчыкоў, такіх як Аман або Нігерыя. І на мінулым тыдні партыі расійскага ЗПГ прапаноўваліся са зніжкай у 40% адносна цяперашніх цэн на спотавым рынку.
А апошнія падскочылі прыкладна ўдвая з-за вайны на Блізкім Усходзе, у выніку якой быў перакрыты Армузскі праліў. Праз яго на сусветны рынак з краін Персідскага заліва, перадусім Катара, паступала больш за 20% ЗПГ. За апошні месяц Іран не выпусціў з заліва ніводнага ЗПГ-танкера, хоць дазволіў пакінуць яго некаторым судам з нафтай.
Бангладэш, які летась атрымаў 60% свайго ЗПГ з Катара, з пачатку крызісу пачаў закупляць газ на спотавым рынку. Яму часам даводзілася плаціць прыкладна ўдвая больш, чым паводле доўгатэрміновых кантрактаў з Катарам, адзначае Bloomberg.
Агенцтву не ўдалося высветліць, ці ўдалося пасярэднікам дамовіцца хоць з кім-небудзь аб продажы расійскага ЗПГ. Індыя раней заяўляла, што не будзе набываць падсанкцыйны газ.
«Новатэк» планаваў распачаць экспарт з праекта «Арктык СПГ – 2» на пачатку 2024 года, але не мог гэтага зрабіць яшчэ паўтара года з-за санкцый, уведзеных ЗША восенню 2023 года. Летам 2024 года топ-менеджары «Новатэка» і чыноўнікі расійскага ўрада ездзілі па азіяцкіх краінах, прапаноўваючы газ таксама са зніжкай у 40%.
У выніку адзіным кліентам стаў Кітай, які выдзеліў адзін порт спецыяльна для атрымання падсанкцыйнага расійскага ЗПГ. Партыі паступаюць туды з жніўня 2025 года: першая пастаўка была прымеркавана да візіту Уладзіміра Пуціна ў Пекін.
Паводле дадзеных Kpler, цяпер у Персідскім заліве знаходзіцца 19 танкераў, загружаных ЗПГ. Катар быў вымушаны прыпыніць працу свайго комплексу па здабычы і звадкаванні газу, найбуйнейшага ў свеце, з-за немагчымасці вывезці прадукцыю і пашкоджання дзвюх з 14 вытворчых ліній у выніку іранскіх абстрэлаў.