9 красавiка 2026, Чацвер, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дармаедскія» тарыфы ЖКГ будуць для ўсіх?

8
«Дармаедскія» тарыфы ЖКГ будуць для ўсіх?

Вось што на гэта ўказвае.

7 красавіка была афіцыйна апублікаваная канцэпцыя энергетычнай бяспекі Беларусі. Сярод іншага ў ёй пацверджаны курс на ліквідацыю так званага перакрыжаванага субсідзіравання, дзякуючы якому камунальныя паслугі абыходзяцца для хатніх гаспадарак танней, чым для прадпрыемстваў. У гэтым і крыецца пагроза росту тарыфаў для насельніцтва.

Канцэпцыю энергетычнай бяспекі зацвердзіў кіраўнік урада Аляксандр Турчын. Дакумент распрацаваны на перспектыву: шэраг паказчыкаў разлічаны аж да 2040 года, паведамляе сайт тэлеканала «Белсат».

Там прапісаныя, напрыклад, такія меры па забеспячэнні энергабяспекі, як:

«павышэнне ўзроўню дыверсіфікаванасці і рэзервавання, што дазваляе бесперабойна функцыянаваць арганізацыям энергетычнага сектара працяглы перыяд пры абмежаванні паставак дамінуючым пастаўшчыком паліўна-энергетычных рэсурсаў». Прасцей кажучы, неабходна мець альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, а таксама дастатковыя запасы, напрыклад, нафты і газу, каб не апынуцца без іх, калі Расія (а для Беларусі яна — той самы дамінуючы пастаўшчык) па нейкіх прычынах перастане прадаваць нам сыравіну;

«забеспячэнне прымальнага ўзроўню дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу краіны па відах спажываных паліўна-энергетычных рэсурсаў і па краінах — імпарцёрах паліўна-энергетычных рэсурсаў». Ідзе гаворка пра тое, што не павінна быць вялікай залежнасці Беларусі ад аднаго віду энергіі, і зноў пра неабходнасць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў;

«супрацоўніцтва з сумежнымі краінамі, галоўнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі і міжнароднымі арганізацыямі і прыняцце калектыўных мер па ўмацаванні энергетычнай бяспекі». Аднак у цяперашніх умовах санкцый і, мякка кажучы, халодных адносін сярод усіх суседзяў Беларусі пакуль даводзіцца разлічваць на супрацоўніцтва толькі з Расіяй.

Яшчэ ёсць «развіццё ўласнай энергасыр'ёвай базы на аснове эканамічна абгрунтаванага выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, перш за ўсё — тарфянага паліва і аднаўляльных крыніц энергіі».

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага субсідзіравання. Гэта старая хвароба беларускай эканомікі: арганізацыі плацяць за энергію больш, чым фізічныя асобы, і гэта дазваляе рабіць ніжэйшымі камунальныя тарыфы для насельніцтва.

«Калі паглядзець у рэтраспектыве апошніх 10–15 гадоў, то працэнт кампенсацыі насельніцтвам розных паслуг ЖКГ у цэлым вырас, тое самае датычыць і транспартных паслуг. Вазьмем для прыкладу электраэнергію: калі ў 2012 годзе была інфармацыя, што насельніцтва пакрывае 40% сабекошту электраэнергіі, то цяпер — на ўзроўні 80–85%. І паступова да гэтага ўлады Беларусі насамрэч ідуць», — кажа «Белсату» эканамістка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна.

Яна адзначае, што адыходзіць ад такога перакрыжаванага субсідзіравання варта, гэта дапаможа эфектыўнай і нармальнай працы эканомікі, знізіць дадатковую нагрузку на прадпрыемствы. Праблема ў тым, што людзі ўсё адно аплачваюць павышаныя тарыфы кампаній, бо дадатковыя выдаткі вытворцы закладваюць у цану прадукцыі:

«Насельніцтва ўсё адно ўскосна за гэта плаціць, нават калі тарыфы на тую ж электраэнергію для яго меншыя, бо ў дадзеным выпадку прадпрыемствы, якія плацяць за электрычнасць больш, проста перакладаюць гэта ў кошт тавару».

Пры гэтым за цеплавую энергію (ацяпленне і падагрэў вады) беларусы дагэтуль плацяць каля 20% сабекошту, астатняе кладзецца на плечы прадпрыемстваў. Таму, робіць выснову экспертка, нельга выключаць, што тарыфы для насельніцтва будуць патроху расці, хоць і не рэзка:

«Тое, што закладзена ў Канцэпцыі, — гэта такі трэк, які захоўваецца гадамі. Аднак гэта вельмі павольны трэнд. То-бок гэта не азначае, што заўтра нам скажуць, што насельніцтва будзе плаціць 90% за цяпло».

«Дармаеды» як арыенцір

Праўда, ужо цяпер без перакрыжаванага субсідзіравання жывуць так званыя дармаеды, якім выстаўляюць «эканамічна абгрунтаваныя» тарыфы. Гэта прыкладна столькі, колькі, па-добраму, павінны плаціць усе дамашнія гаспадаркі.

«Адмена перакрыжаванага субсідзіравання — гэта правільна, аднак неабходна забяспечыць падтрымку тым людзям, якія сапраўды маюць патрэбу, якім нізкія даходы не дазваляюць аплачваць высокія тарыфы. Для гэтага існуе адрасная дзяржаўная падтрымка. А так выходзіць, што заможны, незаможны — усе плацяць аднолькава за даволі нізкія тарыфы на тое ж цяпло», — кажа Лузгіна.

У дакуменце не ўказаныя тэрміны, калі шкоднае для эканомікі субсідзіраванне будзе ліквідавана, аднак відавочна, што для ўладаў гэта выразны арыенцір, тым больш што больш высокія тарыфы, як чакаецца, прымусяць людзей эканоміць.

«Паэтапнае скарачэнне перакрыжаванага субсідзіравання ў тарыфах на энергію і цэнах на газ, а таксама ўдасканаленне сістэмы тарыфаўтварэння на энергію з мэтай стымулявання спажыўцоў да больш эфектыўнага выкарыстання энергіі», — так у Канцэпцыі абазначаны «нацыянальны інтарэс Беларусі ў паліўна-энергетычнай сферы».

«Дармаедскія» тарыфы ЖКГ будуць для ўсіх? Вось што на гэта ўказвае

7 красавіка была афіцыйна апублікаваная канцэпцыя энергетычнай бяспекі Беларусі. Сярод іншага ў ёй пацверджаны курс на ліквідацыю так званага перакрыжаванага субсідзіравання,...

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках