Як выглядае самы дзіўны Bugatti
- 8.04.2026, 13:08
- 1,566
Рэдкі седан выстаўяць на аўкцыён Сотбіс.
На аўкцыён Сотбіс выстаўяць адзін з самых незвычайных аўтамабіляў у гісторыі Bugatti — чатырохдзвярны EB112, створаны на базе культавага спарткара EB110. Усяго было сабрана толькі тры экзэмпляры мадэлі, што робіць яе надзвычай рэдкай знаходкай для калекцыянераў, піша Autoblog (пераклад — сайт Charter97.org).
У адрозненне ад арыентаванага на трэк EB110, мадэль EB112 задумвалася як раскошны гран-турэр з чатырма дзвярамі, натхнёны класічнымі Bugatti кшталту Type 41 Royale. Дызайн аўтамабіля распрацаваў легендарны Джорджэта Джуджара.
Праект не дайшоў да серыйнай вытворчасці з-за банкруцтва Bugatti ў 1995 годзе. Аднак пазней прадпрымальнік з Манака Джыльда Палланка Пастор выкупіў актывы кампаніі і завяршыў два хадавыя экзэмпляры на аснове недабудаваных шасі.
EB112 абсталяваны атмасферным 6,0-літровым рухавіком V12 магутнасцю каля 460 к.с., шасціступеньчатай механічнай каробкай перадач і поўным прывадам. Нягледзячы на больш «камфортную» канцэпцыю, аўтамабіль здольны разганяцца да 100 км/г за 4,3 с і развіваць хуткасць да 300 км/г.
Сярод асаблівасцяў — фірмовая рашотка радыятара Bugatti, раскошны інтэр’ер з металічнымі элементамі і нават парасон з эмблемай у выглядзе слана.
Выстаўлены на продаж экзэмпляр 1999 года мае прабег усяго 388 км. Яго ацэначны кошт складае ад $1,75 да $2,3 млн.