29 красавiка 2026, Серада, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм’ер Канады наведае саміт Еўрапейскай супольнасці

Прэм’ер Канады наведае саміт Еўрапейскай супольнасці

Марк Карні прыляціць у Арменію.

Прэм’ер-міністр Канады Марк Карні возьме ўдзел у 8-м саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у Ерэване і наведае Арменію з 2 па 4 мая па запрашэнні старшыні Еўрасавета Антоніу Кошты і кіраўніка армянскага ўрада Нікола Пашыняна. Пра гэта ў аўторак, 28 красавіка, паведамілі ў прэс-службе Карні.

«Гэта — першы выпадак, калі лідар нееўрапейскай краіны далучыцца да саміту. Гэта таксама стане першым афіцыйным візітам канадскага прэм’ер-міністра ў Арменію амаль за дзесяцігоддзе», — падкрэслілі там.

На саміце прэм’ер Канады сустрэнецца з еўрапейскімі лідарамі, каб умацаваць калектыўную бяспеку і трансатлантычную абарончую гатоўнасць, адначасова пашыраючы падтрымку Украіны, перадае DW.

Карні таксама прадставіць Канаду як вядучы напрамак для глабальнага капіталу і інвестыцый, у тым ліку ў сферы крытычна важных мінералаў, энергетыкі, абароны і перадавых тэхналогій.

«Гэтыя намаганні дапамогуць прыцягнуць новыя інвестыцыі ў канадскія кампаніі і праекты, стварыўшы новыя магчымасці для канадскіх працаўнікоў, сем’яў і прадпрыемстваў», — дадалі ў прэс-службе.

Аттава хоча прыцягнуць у краіну інвестыцыі на суму 1 трлн долараў цягам наступных пяці гадоў.

У ўмовах разыходжанняў з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Марк Карні пашырае адносіны Канады з Еўропай. У 2025 годзе бакі заключылі «Новае стратэгічнае партнёрства будучыні паміж Еўрапейскім саюзам і Канадай» і «Партнёрства ў сферы бяспекі і абароны» з мэтай паглыблення супрацоўніцтва ў галіне гандлю, тэхналогій, энергетыкі і бяспекі.

У лютым Канада стала першай нееўрапейскай краінай, што далучылася да ініцыятывы ЕС Security Action for Europe (SAFE), фонд якой фінансуе інвестыцыі ў еўрапейскую абарону. «У свеце, які стаў больш небяспечным і раздробленым, Канада ўсё цясней збліжаецца са сваімі еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі. Аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі, мы развіваем супрацоўніцтва ў сферы абароны, энергетыкі і тэхналогій, каб пабудаваць больш бяспечную і квітнеючую будучыню па абодва бакі Атлантыкі», — падкрэсліў Карні.

Антоніу Кошта ў сацсетцы X пацвердзіў запрашэнне. «Еўропа і Канада — гэта больш, чым проста аднадумныя партнёры: разам мы ствараем глабальны саюз дзеля абароны міру, агульнага росквіту і шматбаковага супрацоўніцтва», — напісаў ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках