Чырвоны касцёл у Мінску не адкрыюць у абяцаны тэрмін
- 28.09.2026, 15:25
На пашпарце аб’екта з’явілася новая дата заканчэння рэканструкцыі.
Рэканструкцыю Чырвонага касцёла ў Мінску не паспеюць завяршыць да раней заяўленага тэрміну. На пашпарце аб’екта дату заканчэння работ перанеслі з 31 студзеня на 30 красавіка 2027 года, на гэта звярнуў увагу Katolik.life.
Яшчэ вясной у «Мінскай спадчыне», якой належыць будынак касцёла, сцвярджалі, што адставання ад графіка не будзе, хоць работы на некаторы час прыпынялі з-за неабходнасці прайсці новую экспертызу.
Нагадаем, пускаць вернікаў у Чырвоны касцёл перасталі пасля таго, як 26 верасня 2022 года ў храме пры нявысветленых абставінах здарыўся невялікі пажар. У кастрычніку 2022 года ўлады прынялі рашэнне забраць Чырвоны касцёл у вернікаў — разарваць пагадненне з грамадай парафіі святых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстанні будынкам.
«Хрысціянская візія» паведамляла, што вернікам абяцаюць вярнуць Чырвоны касцёл пры ўмове адстаўкі настаяцеля Завальнюка. У жніўні 2024 года Уладзіслаў Завальнюк пайшоў на пенсію. Настаяцелем парафіі стаў Франц Рудзь, але касцёл вернікам так і не вярнулі.
У сярэдзіне сакавіка 2025-га стала вядома пра будучы рамонт. Ад парафіі запатрабавалі вывезці цалкам усе рэчы, нават самыя грувасткія.