У Беларусі збіраюцца па-новаму праводзіць перапіс насельніцтва
20- 19.04.2026, 10:30
- 4,902
Што зменіцца?
У Беларусі плануюць унесці змены ў правілы перапісу насельніцтва. Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год, піша «Зеркало».
Улады маюць намер унесці змены, каб «аптымізаваць працэс арганізацыі і правядзення наступнага раўнду перапісу насельніцтва».
Сярод іншага чыноўнікі хочуць замацаваць магчымасць запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў праз спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў інтэрнэце. Яшчэ адна ідэя — знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць падаваць персанальныя звесткі пра сябе, да 15 гадоў (на дату правядзення перапісу).
«Падрыхтоўка законапраекта дазволіць ліквідаваць прабелы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, а таксама вырашыць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва», — гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта.
Раней у Белстаце заявілі, што перапіс насельніцтва Беларусі павінен адбыцца ў кастрычніку 2029 года. Спецыялісты ўжо пачалі падрыхтоўку. Напрыклад, Белстат плануе максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы дадзеных і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.