Трамп абвясціў 10-дзённае перамір’е паміж Ізраілем і Ліванам
- 16.04.2026, 20:08
Рэжым перамір’я пачне дзейнічаць з 17 красавіка.
Прэзідэнт Лівана Жозэф Аўн і прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньягу пагадзіліся пачаць дзесяцідзённае спыненне агню, заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
«Гэтыя два лідары дамовіліся, што дзеля дасягнення МІРУ паміж сваімі краінамі яны афіцыйна пачнуць дзесяцідзённае спыненне агню з 17:00 па ўсходнім часе (17 красавіка 00:00 па Мінску. — Заўв.)», — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.
Раней на гэтым тыдні прадстаўнікі Ізраіля і Лівана ўпершыню за 34 гады правялі сустрэчу ў Вашынгтоне пры ўдзеле дзяржсакратара ЗША Марка Рубіо.
Пасол Ізраіля ў ЗША Ехіэль Лейтэр паведаміў, што сустрэча з ліванскім паслом Надой Хамадэ Моавад прайшла паспяхова — бакі пагадзіліся, што паміж Ізраілем і Ліванам павінна быць ясна акрэсленая мяжа, і дамовіліся працягнуць перамовы ў найбліжэйшыя тыдні, піша The Washington Post.
Моавад, у сваю чаргу, падзякавала ЗША за арганізацыю дыскусій, заклікала да спынення агню для вяртання перамешчаных жыхароў і звярнула ўвагу на цяжкі гуманітарны крызіс у Ліване.
У Дзярждэпартаменце ЗША адзначылі, што ўдзельнікі дамовіліся пра прамыя перамовы ў «зручны для абодвух бакоў час і ў зручным месцы».
Трамп таксама заявіў, што даручыў віцэ-прэзідэнту Джэй Дзі Вэнсу і Рубіо, а таксама старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Дэну Кейну ўзаемадзейнічаць з Ізраілем і Ліванам для дасягнення «трывалага міру».