Беларускі памежнік перасёк мяжу з Літвой
8- 16.04.2026, 16:03
- 3,310
Фотафакт.
Беларускі памежнік 15 красавіка незаконна перасёк мяжу з Літвой. Пра гэта паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Інцыдэнт адбыўся ў раёне вёскі Кракунай у Шальчынінкскім раёне — на ўчастку так званай Дзевянішскай пятлі, якая з усіх бакоў акружаная тэрыторыяй Беларусі.
Як адзначылі ў ведамстве, раней тут дзейнічаў пункт пропуску мясцовага прыгранічнага руху «Кракунай — Геранёны», закрыты ў 2020 годзе. Лінія мяжы на гэтым участку пазначаная белай паласой, таксама ўсталяваны цэнтральны памежны слуп і адпаведныя знакі з абодвух бакоў.
Паводле дадзеных літоўскіх памежнікаў, у той дзень чацвёра беларускіх вайскоўцаў падышлі да мяжы са свайго боку. Адзін з іх перасёк лінію і зайшоў прыблізна на метр на тэрыторыю Літвы, дзе ненадоўга спыніўся і прысеў на бетонны блок. Пасля гэтага ён вярнуўся назад, і група працягнула патруляванне.


У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што па факце здарэння распачата дасудовае расследаванне.