18 красавiка 2026, Субота, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названыя найбуйнейшыя кампаніі з беларускім капіталам у Польшчы

2
Названыя найбуйнейшыя кампаніі з беларускім капіталам у Польшчы

На першым месцы — EPAM Systems.

Сукупная выручка беларускіх кампаній, якія працуюць на рынку Польшчы, павялічылася па выніках 2024-га на 5% і дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 19,9 млрд злотых (ці 5 млрд долараў). Бізнесам, які ўнёс найбольшы ўклад у гэтую суму, стала польскае падраздзяленне сусветнага IT-гіганта EPAM Systems.

Пры гэтым EPAM Systems (Poland) другі год запар узначальвае топ-100 найбуйнейшых кампаній з беларускім капіталам у Польшчы, піша ў сваім тэлеграм-канале аўтар даследавання Вадзім Сеховіч.

Рэйтынг складзены на падставе дадзеных за 2024 год.

1.EPAM Systems (Poland) — найбуйнейшы IT-бізнес з беларускімі каранямі ў Польшчы. Кампанія, якой да восені 2025-га кіраваў Аркадзь Добкін, пачала дзейнасць на польскім рынку яшчэ ў 2011 г. У 2024 г. у яе мясцовую экасістэму ўваходзілі цэнтры распрацоўкі ў 6 гарадах. Акрамя таго, на польскім рынку знаходзяцца офісы яшчэ дзвюх кампаній, што належаць EPAM Systems, — Polsource і First Derivative Poland. Кракаўская Polsource таксама ўвайшла ў топ-100.

2.E100 Power Max — гэта трэйдарская структура, якая ўваходзіць у Групу кампаній E100 экс-берасцейцаў Уладзіміра і Максіма Стаецкіх. За год бізнес, што займаецца продажам паліва праз сетку ўласных і партнёрскіх АЗС у краінах ЕС, Вялікабрытаніі і Украіны, перамясціўся з чацвёртай на другую пазіцыю. E100 Power Max таксама трапіла ў топ-2000 найбуйнейшых кампаній Польшчы, які фармуе выданне Rzeczpospolita.

3.TELS Global Polska — найбуйнейшы бізнес з беларускімі каранямі ў транспартна-лагістычным сегменце Польшчы. У 2024 г. яго ўладальнікамі праз кампаніі ў Вялікабрытаніі і Чэхіі былі Уладзімір Таянко і Іван Шаховіч. У папярэдняй версіі топ-100 кампанія займала пятае месца.

4.ASBIS Poland — даччына кампанія кіпрскага холдынгу ASBIS'c Enterprises. Яго заснавальнікам і ключавым акцыянерам з'яўляецца беларус Сяргей Костевіч. ASBIS Poland займаецца дыстрыбуцыяй IT-прадукцыі на польскім рынку, які трывала ўваходзіць у першую дзясятку найважнейшых для холдынгу. За 2024 г. ASBIS Poland палепшыла сваю пазіцыю ў топ-100 на дзве пазіцыі.

5.Polbilding s.k./PBS — буйны трэйдар вугалю, коксу і хімічных прадуктаў з рэгістрацыяй у Зялёнай Гуры. У папярэдняй версіі рэйтынгу быў другім.

Заснавальнік бізнесу Віталь Канцэвіч у 2024 г. распачаў яго рэарганізацыю, у выніку якой бенефіцыярам новай структуры PBS стала Ганна Канцэвіч. Таксама была рэарганізаваная лагістычная кампанія Polbilding sp.z o.o., якая таксама з'яўляецца ўдзельніцай топ-100. Цяпер гэта PBS Energy, а яе асноўны кірунак — інвестыцыі ў зялёную энергетыку.

6.TI Group — адзін з найбуйнейшых лагістычных бізнесаў беларусаў у Польшчы. У кіраванні кампаніі, бенефіцыярам якой у 2024 г. быў Сяргей Марчэнка, знаходзіцца буйны кансалідацыйны склад у Седльцах пад Варшавай. На гэтае месца TI Group паднялася з 19-й пазіцыі.

7.DSPL — аўтатранспартная кампанія, створаная ў 2021 г. У 2024-м яе ўладальнікамі былі грузінскі і беларускія партнёры аднаго з самых вядомых транспартнікаў Беларусі і Расіі — Васіля Сметаніна: Нікалоз Гегучадзэ, Барыс Клімась, Віталь Пушкін і Таццяна Бразоўская. Аўтаперавозчык у рэйтынгу застаўся на той жа пазіцыі, што і годам раней.

8.E100 International Trade — былы лідар топ-100 — за год падняўся на адну пазіцыю. Кампанія, што належыць згаданым вышэй Уладзіміру і Максіму Стаецкім, абслугоўвае ўласную сістэму паліўных карт E100. У 2023 г. яна сышла з рынкаў Беларусі, Расіі і Казахстана і засяродзілася на Еўропе. Паводле ўласных ацэнак, E100 International Trade ужо займае на еўрапейскім рынку трэцяе месца.

9.Azonik — гэта яшчэ адзін аўтатранспартны бізнес, звязаны з Васілем Сметаніным. У 2024 г. бізнесмен кантраляваў яго праз сваю аўстрыйскую фірму, а астатняй доляй валодаў Нікалоз Гегучадзэ. У першую дзясятку Azonik прабілася з 16-га месца.

10.Innowise — другі паводле маштабаў беларускі IT-бізнес у Польшчы, якім валодаюць браты Павал і Сяргей Арловы. Каб трапіць у першую дзясятку, ім давялося папрацаваць зусім крыху: у папярэднім рэйтынгу Innowise была на 11-м месцы.

Поўную версію топ-100 найбуйнейшых беларускіх бізнесаў у Польшчы можна паглядзець тут.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках